
24 студзеня, Шклоў /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Вытворчасці экалагічнага ўпаковачнага матэрыялу ў краіне неабходна даць зялёнае святло. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў Шклове, наведваючы завод газетнай паперы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Заслухаўшы даклады аб рабоце прадпрыемства, кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з выпускаемай тут прадукцыяй. Асабліва яго зацікавіла папяровая ўпакоўка: завод вырабляе яе ў вялікай колькасці і для самых розных мэт. "У сувязі з тым, што я не адступлю ад свайго даручэння па замене пластыку на паперу, трэба даць зялёнае святло вытворчасці ў краіне гэтага ўпаковачнага матэрыялу і пакетаў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
На яго думку, у асобных сферах неабходна наогул забараніць пластыкавую ўпакоўку. Акрамя, вядома, тых, дзе без яе не абысціся. "Дапусцім, ёсць пластыкавыя скрыні для яблыкаў - яны моцныя, даўгавечныя. Ім быць (пакуль, прынамсі)? Быць. І потым - іх жа лёгка перапрацаваць, калі трэба", - прывёў прыклад Прэзідэнт. Усё астатняе ён запатрабаваў замяніць экалагічнымі матэрыяламі.
Ён таксама звярнуў увагу на неабходнасць будаўніцтва смеццеперапрацоўчых заводаў: "У вобласці не павінна быць гор і палігонаў са смеццем - гэта ж вялізныя грошы. Трэба перапрацаваць усё смецце. Гэта жалезнае даручэнне. Трэба запісаць яго з тэрмінамі, каб ва ўрадзе ведалі, што нам трэба адысці ад пластыку".-0-