ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Чацвер, 1 снежня 2022
Мінск -7°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
23 жніўня 2022, 15:07

Лукашэнка даручыў да канца года канчаткова вызначыцца з правіламі ўступнай кампаніі - 2023

23 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў да канца года канчаткова вызначыцца з правіламі правядзення ўступнай кампаніі 2023 года. Аб гэтым расказаў журналістам міністр адукацыі Беларусі Андрэй Іванец пасля нарады ў кіраўніка дзяржавы па развіцці нацыянальнай сістэмы адукацыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На нарадзе Прэзідэнту далажылі аб выніках праведзенай у краіне ўступнай кампаніі, гатоўнасці навучальных устаноў да новага навучальнага года. Тры галоўныя тэмы наконт сістэмы адукацыі, якія кіраўнік дзяржавы абмеркаваў з удзельнікамі нарады, - гэта непасрэдна сам адукацыйны працэс у школах і ВНУ, кадравая работа ва ўстановах адукацыі і сістэма адбору абітурыентаў, гэта значыць як эфектыўна злучыць сярэднюю сістэму адукацыі з вышэйшай.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка цікавіўся на перспектыву: як будзе выглядаць уступная кампанія не толькі ў наступным годзе, але і ў будучым. Галоўныя патрабаванні Прэзідэнта - бачыць за экзаменамі кожнага абітурыента і разумець стратэгію адбору выпускнікоў у будучым. Нельга праводзіць эксперыменты кожную ўступную кампанію, бо некаторыя памылкі потым можна выпраўляць дзесяцігоддзямі, падкрэсліў ён.

Шмат гадоў Беларусь ішла па шляху цэнтралізаванага тэсціравання, але пара ўжо задумацца, наколькі такая сістэма сёння эфектыўная і ў якой карэкціроўцы мае патрэбу. Таму ўдзельнікам нарады Прэзідэнтам пастаўлена задача да новага года ўнесці прапановы: або ў краіне захоўваюць існуючыя падыходы, або ўводзяць неабходныя навацыі для таго, каб "убачыць абітурыента".

"Цэнтральнае пытанне, якое паставіў кіраўнік дзяржавы перад усёй сістэмай адукацыі, - як нам справядліва адабраць абітурыента, які павінен прыйсці матываваным ва ўніверсітэт. Не проста для працэсу навучання, а для таго, каб у наступным прадоўжыць сваю работу ў рэальным сектары эканомікі нашай краіны", - адзначыў Андрэй Іванец.

Уступная кампанія 2023 года ў цэлым пройдзе па аб'яўленых правілах. У канцы навучальнага года вучні 11-х класаў будуць здаваць сумешчаныя з ЦТ экзамены, а таксама дадатковае ЦТ для паступлення ў ВНУ ў залежнасці ад выбранай спецыяльнасці. Але, цалкам магчыма, некаторых змяненні ўступнай кампаніі ўсё ж такі закрануць. Напрыклад, будзе не два сумешчаныя экзамены, а больш і на выбар. Але пакуль гэта толькі абмеркаванні, канчатковае рашэнне якраз і трэба прадставіць кіраўніку дзяржавы да канца года. Міністэрства адукацыі зацягваць з гэтым пытаннем не збіраецца.

"Усё развіваецца вельмі дынамічна, і пытанні, якія патрабуюць неадкладных рашэнняў, павінны быць прыняты, можна сказаць, ужо сёння. Вядома, прапановы, што будуць выпрацаваны і ўнесены на разгляд кіраўніка дзяржавы, могуць закрануць і ўступную кампанію. Пытанне правядзення цэнтралізаванага экзамену ўжо вызначана. Іншае пытанне, што правядзенне цэнтралізаванага экзамену - гэта ўсяго толькі элемент уступнай кампаніі, і ў сувязі з гэтым мы павінны паглядзець, якім гэты цэнтралізаваны экзамен павінен быць і якія яшчэ дадатковыя ўступныя іспыты могуць быць у кожным канкрэтным універсітэце або ў групе ўніверсітэтаў на канкрэтныя спецыяльнасці", - растлумачыў міністр.

Андрэй Іванец таксама адзначыў, што самі заданні цэнтралізаванага тэсціравання чакаюць невялікія змяненні, у тэста будзе новая структура. "Мы адыходзім ад тых заданняў, дзе ёсць магчымасць выбару або ўгадвання. Сёння ў тэсце 50 працэнтаў заданняў, дзе ёсць магчымасць выбару таго ці іншага адказу, і 50 працэнтаў, дзе неабходна рашыць канкрэтнае заданне. Мы змяняем структуру тэста: мінімізуем колькасць заданняў з магчымасцю выбару адказу. Гэта дасць магчымасць у многім "убачыць" абітурыента", - лічыць кіраўнік Мінадукацыі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі