Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
20 кастрычніка 2022, 11:37

Лукашэнка чыноўнікам: не хочаце ваяваць - змагайцеся ў палях і на заводах, разварушыцеся!

20 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе ад губернатараў аператыўна і якасна завяршыць уборачную кампанію. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на нарадзе ў Палацы Незалежнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Галоўнай тэмай нарады ў Прэзідэнта сталі пытанні фарміравання Усебеларускага народнага сходу і змянення выбарчага заканадаўства. Але, улічваючы шырокае кола ўдзельнікаў, кіраўнік дзяржавы перш за ўсё закрануў завяршэнне ўборачнай кампаніі.

"Уборачная кампанія ў нас скончыцца, калі апошні плуг сыдзе з поля і вы падніміце зябліва на 100 працэнтаў. І папярэджваю ўсіх губернатараў ад спроб нешта там у статыстыцы не тое што прыхарашыць, а з адной графы перанесці ў іншую. Я вас катэгарычна папярэджваю: тут у вас нічога не атрымаецца. Усё, што мы павінны ўзараць у зіму (тое, што называецца зяблівам), вы гэта, калі ласка, зрабіце", - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.

Асаблівую ўвагу Прэзідэнт звярнуў на Гомельскую, Магілёўскую і Віцебскую вобласці. У гэтых рэгіёнах, паводле яго слоў, не дапрацоўваюць. "Майце на ўвазе, губернатары: галавой адкажаце за гэтыя напрамкі работы. Гэта датычыцца ўсіх, але проста я бачу, што ў вас нейкая расслабуха на ўсходзе надыходзіць. Ніякіх скідак на тое, што Гомельская вобласць у нас, бачыце, такая-сякая або Віцебская вобласць бедная. Патрабаванне будзе вельмі жорсткае, - папярэдзіў кіраўнік дзяржавы. - Калі вы гэтага не разумееце, мне вельмі шкада".

"Я вам яшчэ раз нагадаю, чаму з майго боку ідзе такі націск і патрабаванне. Скажу коратка: не хочаце ваяваць са зброяй – змагайцеся ў полі, на заводзе і на фабрыцы. Наша вайна праходзіць не цераз Украіну, а праз эканоміку, праз нас. Таму разварушыцеся, яшчэ раз паўтараю!" - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Уборка ўраджаю - канчаткова трэба мабілізавацца. У нас на некаторых сельгаспрадпрыемствах кажуць: "А ў нас выхадны з сярэдзіны пятніцы да сярэдзіны панядзелка". Тры дні, лічы, у іх у Віцебску выхадны. Азімыя не дасеяў, а ў іх выхадны. Зімой будзем адпачываць! Вось адсюль цэны - ад бардака, які заганяюць у кошт тавару, і цэны растуць шалёна. Менш будзе бардака, больш арганізаванасці, будзе больш толку", - перакананы беларускі лідар.

Ён заявіў, што калі кіраўніцтва на месцах і прадпрыемствы будуць больш арганізаванымі, то атрымаецца нават адысці ад датавання сельскай гаспадаркі.

Прэзідэнт таксама нагадаў аб сваім даручэнні па выпрацоўцы мер кантролю і рэгулявання цэн. "Усім была пастаўлена задача па выпрацоўцы мер кантролю і рэгулявання цэн. Я хачу, каб вы гэта пачулі. Мы павінны выпрацаваць меры кантролю за цэнаўтварэннем. Што да замарозкі цэн, размова ішла да 20 кастрычніка або да таго часу, пакуль не ўступіць у сілу пастанова ўрада. Яшчэ раз паўтараю: ніякай размовы аб татальнай, назаўсёды замарозцы цэн не ішло. Калі нехта гэта не пачуў", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі