
31 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пры назначэнні Аляксея Кушнарэнкі старшынёй Мінскага абласнога выканаўчага камітэта падкрэсліў высокую адказнасць чыноўнікаў перад краінай і народам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Разважаючы аб наяўнасці тых ці іншых недахопаў у Аляксея Кушнарэнкі, кіраўнік дзяржавы сказаў: "Вядома, у яго ёсць недахопы. І галоўны недахоп, каго я ні дапытваў, кажуць, што ён вельмі перажывае за справу. Дык я гавару: які ж гэта недахоп? Гэта добрая якасць чалавека".

"Вядома, калі залішне перажываеш… Ну, я не папракаю за гэта людзей, таму што сам пакутую на гэты недахоп. Хочацца, каб ідэальна было. А ідэальна не заўсёды атрымліваецца. Ну, і тады пачынаеш думаць, магчыма, залішне, - адзначыў беларускі лідар. - Але, тым не менш, мы жыццё павінны аддаць. Наша жыццё нішто ў параўнанні з тым, што мы павінны зрабіць для краіны і для людзей. Я, вядома, не хачу, каб Аляксей там недзе загінуў ці памёр. Але, тым не менш, наша жыццё, і маё, і ваша, - гэта нішто ў параўнанні з людзьмі і нашай дзяржавай".
Аб асабістых якасцях цяпер ужо экс-міністра энергетыкі і новага кіраўніка Мінскай вобласці Аляксандр Лукашэнка спытаў у Дзяніса Мароза, які ўзначаліў Мінэнерга, а да гэтага працаваў на пасадзе намесніка міністра.
"Вось ты папрацаваў з міністрам. Шчыра. Я хацеў бы, каб ён узначаліў Мінскую вобласць. Ён справіцца?" - спытаў Прэзідэнт.
Дзяніс Мароз падкрэсліў, што ў гэтым у яго няма ніякіх сумненняў і нічога дрэннага пра свайго былога кіраўніка ён сказаць не можа.
"А добрае таксама?" - удакладніў кіраўнік дзяржавы.

"Добрага шмат чаго магу сказаць", - адказаў Дзяніс Мароз.
"Ну а ўсё ж такі, недахопы ў яго ёсць, на якія яму трэба звярнуць увагу?" - настойваў Аляксандр Лукашэнка.
"Пра якія я ведаў бы - не", - запэўніў новы міністр.
Такі адказ, зрэшты, кіраўніка дзяржавы задаволіў не ў поўнай меры: "Гэта значыць, яны ёсць, але ты пра іх не ведаеш. Не, ну дык як інакш? І ў мяне, і ў цябе, і ў яго, і ў Юрыя Хаджымуратавіча (Юрый Караеў, які назначаны старшынёй Гродзенскага аблвыканкама. - Заўвага БЕЛТА). Я сумленна сказаў, што ва ўсіх у нас ёсць недахопы. Як жа няма? Не ведаеш... Ведаю, што гаварыць не хочаш. Гэта ў вас прынята ўжо. Кругавая парука гэта".-0-