Сцяг Аўторак, 30 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
04 красавіка 2024, 14:09

Лукашэнка - чыноўнікам: мы павінны абараніць суверэнную Беларусь сваёй працай, крывёю, потам і жыццём

4 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка настройвае чыноўнікаў на плённую і складаную працу ў інтарэсах краіны. Адпаведныя заявы кіраўнік дзяржавы зрабіў, прымаючы кадравыя рашэнні, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што рэгулярна праглядае аналітыку публікацый у СМІ, даклады знешняй разведкі, спецслужбаў.

"Мужыкі, усё сканцэнтравана на тое, каб знайсці шлях нас зваліць. Якія б ні былі ў нас з вамі адносіны (я вас там лаяў, здымаў з працы і іншае), вы павінны быць дзяржаўнымі людзьмі. Ні я, ні вы асабіста нічога не значым у параўнанні з тым, што значыць для нас суверэнная і незалежная Беларусь. Мы яе павінны абараніць. Сваёй працай, крывёю, потам і сваім жыццём. Вядома, не дай бог, усе мы хочам жыць. А каб не паміраць, не гінуць, трэба проста працаваць, патрэбна эканоміка. Яшчэ раз падкрэсліваю: для таго, каб была нармальная эканоміка, у нас усё ёсць, усяго хапае. Але трэба сумленна працаваць", - заявіў беларускі лідар.

Звяртаючыся да прысутных, Прэзідэнт арыентаваў іх на тое, каб ужо з гэтага моманту настройвацца на вельмі сур'ёзную і цяжкую работу. "У нас ёсць усё для таго, каб сёння працаваць. Як ніколі, нягледзячы на складанасці. Не хапае толькі аднаго - дысцыпліны. Але гэта мы ўмеем рабіць. Што-што, а дысцыпліну мы ўмеем (забяспечыць. - Заўвага БЕЛТА), - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Парадак б'е клас. Будзе дысцыпліна і парадак - будуць кампенсаваны некаторыя недапрацоўкі па іншых напрамках".

Для дасягнення выніку кіраўнікі на месцах павінны прымаць усе неабходныя меры, максімальна задзейнічаць усе існуючыя рэсурсы. "Я часта публічна гавару: рабіце што хочаце і як вы лічыце патрэбным. Вядома, ёсць законы, правілы, яны ўжо даўно ў нас у крыві. Але там, дзе патрэбны вынік, трэба прайсці побач, плячо ў плячо з гэтым законам і прыняць рашэнне", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Тым больш што ўмовы для эфектыўнага развіцця як у сельскай гаспадарцы, так і ў прамысловасці цяпер складваюцца спрыяльныя для Беларусі. "Пакуль Гасподзь нам дае ўсё. Асабліва для людзей, якія хочуць працаваць на зямлі. Ды і ў прамысловасці", - сказаў Прэзідэнт.

Айчынныя прадукты харчавання, напрыклад, вельмі запатрабаваны на рынках Расіі і Кітая, у іншых краінах. "У нас была затаваранасць на складах наконт масла сметанковага, сухога малака. Сёння пытаюся ў віцэ-прэм'ера, які гэтым займаецца. Кажа: "Нам бы яшчэ больш". Сёння на складах нічога няма. І прытым атрымалі большы даход у валюце, чым у мінулым годзе. Няма праблем", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Што датычыцца прамысловасці, так, яна сутыкнулася з абмежаваннямі, санкцыямі, але затое адкрыўся вялізны расійскі рынак. Калі раней былі цяжкасці з тым, каб там прадаваць прамысловыя тавары, то цяпер па шэрагу пазіцый ёсць значны попыт і расійскі бок сам выступае з ініцыятывай нарасціць пастаўкі пэўных тавараў. 

"Нам дастаткова аднаго расійскага рынку. Мы што, гіганцкая эканоміка? Не. Мы запатрабаваны па ўсіх напрамках. Але, як я гавару, трэба варушыцца. Канкурэнцыя была і будзе", - адзначыў Прэзідэнт. Аднак беларуская прадукцыя, нават у параўнанні, напрыклад, з кітайскай, выйграе ў суадносінах цаны і якасці. "Трэба гэтым карыстацца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У той жа час Прэзідэнт арыентаваў на паляпшэнне якасці сэрвіснага абслугоўвання і арганізацыю буйных цэнтраў, у якіх будуць прадстаўлены ўсе буйныя айчынныя брэнды: "Трэба ствараць сэрвісныя мультымадальныя цэнтры, каб там усё было: і "Гомсельмаш", і МТЗ, і іншыя. Гіганцкія прадпрыемствы, дзяржаўныя, чаго нам дзяліць. Навошта асобныя будаваць гандлёвыя дамы? Давайце сканцэнтруем пад адным дахам, вызначым, у якіх рэгіёнах Расіі мы будзем працаваць, і ніякая канкурэнцыя нам не страшная. Тым больш, маючы такія адносіны, дыпламатычныя, асабістыя адносіны кіраўнікоў, урадаў і прэзідэнтаў, мы вырашым любую праблему".
"Таму пры ўсіх цяжкасцях у нас сёння момант для нармальнага развіцця нашай дзяржавы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Новых кіраўнікоў мясцовай вертыкалі кіраўнік дзяржавы папярэдзіў, што працаваць ім давядзецца ў няпросты час і гэтак жа зручна і цікава, як на былых пасадах, магчыма, ужо не будзе: "Больш цікавай працы, чым кіраўнік сельгаспрадпрыемства, няма. У маім жыцці не было. Цяпер крыху складаней вам, чым было ў тыя часы, з аднаго боку. З іншага боку, цікавей. Усё ад вас залежыць. Зарабілі - трацьце грошы. Ды і не кідаем мы аграрыяў. Праца самая цікавая. І не думайце, што ў вас будзе больш цікавая работа. Час складаны, і вы згадзіліся ўзначаліць адпаведныя ўчасткі".-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі