Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
10 чэрвеня 2022, 13:25

Лукашэнка - чыноўнікам і дэпутатам: вы павінны быць першакрыніцай і добрых, і непрыемных навін

10 чэрвеня, Мінск /Кацярына Крышэнік - БЕЛТА/. Інфармаванне грамадзян выйшла на першы план сярод традыцыйных напрамкаў работы з насельніцтвам. І ў гэтай сітуацыі чыноўнікі і дэпутаты ўсіх узроўняў павінны быць першакрыніцамі і добрых, і непрыемных навін. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на рэспубліканскім семінары-нарадзе "Актуалізацыя форм і метадаў работы з насельніцтвам на мясцовым узроўні", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Колькі разоў гаварылі, што людзі павінны ведаць, што адбываецца, як вырашаеце праблемы, што плануеце і гэтак далей. Вы павінны быць першакрыніцай і добрых, і непрыемных навін", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка прыгадаў пра свой вопыт работы на кіруючых пасадах рознага ўзроўню і важнае правіла, засвоенае з той пары, - трэба абавязкова размаўляць з людзьмі. "Ёсць шмат у нашым грамадстве людзей, якія проста хочуць з табой пагаварыць. Яны, можа, і скардзіцца потым не будуць, і крыўдзіцца не будуць, калі ты не вырашыш іх праблем. З людзьмі трэба размаўляць і не баяцца ісці да іх, - параіў беларускі лідар. - А ці шмат у нас старшынь райвыканкамаў, дэпутатаў, гатовых выйсці на публіку, выступіць, адказаць на нязручныя пытанні?"

Прэзідэнт нагадаў, што яшчэ ў 2006 годзе ў Дырэктыве аб дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату і павышэнні якасці забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва былі прапісаны ўсе магчымыя напрамкі работы з насельніцтвам. "Бачу, што тэлефонныя лініі і прыёмы грамадзян вы асвоілі. А колькі правялі прэс-канферэнцый па актуальных для насельніцтва пытаннях?" - задаў пытанне кіраўнік дзяржавы.

"Калі ўступіла ў сілу дырэктыва, мы і ўявіць не маглі, як зменіцца ў будучым інфармацыйная прастора, колькі магчымасцей для работы з насельніцтвам дадуць новыя тэхналогіі. А ці ўсе з вас сёння выкарыстоўваюць гэтыя новыя тэхналогіі? - адрасаваў рытарычнае пытанне ўдзельнікам мерапрыемства Аляксандр Лукашэнка. - Дапусцім, не ўсе любяць і ўмеюць быць на вачах ва ўсіх, размаўляць з прэсай, выходзіць на трыбуны. Выкарыстоўвайце тады новыя тэхналогіі - сацыяльныя сеткі і гэтак далей". На яго думку, у раёне дастаткова мець, напрыклад, адзін Telegram-канал на базе раённай газеты ў якасці асновы для работы з насельніцтвам.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі