Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
10 чэрвеня 2022, 13:12

Лукашэнка - чыноўнікам: часцей з'яўляйцеся ў тэлеэфіры з добрымі навінамі, але не малаціце што папала

10 чэрвеня, Мінск /Кацярына Крышэнік - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка арыентаваў чыноўнікаў на тое, каб яны часцей з'яўляліся ў тэлевізійным эфіры з добрымі навінамі і абавязкова рыхтаваліся да такіх выступленняў. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на рэспубліканскім семінары-нарадзе "Актуалізацыя форм і метадаў работы з насельніцтвам на мясцовым узроўні", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Колькі разоў гаварылі, што людзі павінны ведаць, што адбываецца, як вы вырашаеце праблемы, што плануеце і гэтак далей. Вы павінны быць першакрыніцай і добрых, і непрыемных навін", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка згадаў аб сваім вопыце работы на кіруючых пасадах рознага ўзроўню і аб важным правіле, засвоеным з таго часу: трэба абавязкова размаўляць з людзьмі. "Ёсць шмат у нашым грамадстве людзей, якія проста хочуць з табой пагаварыць. Яны, можа, і скардзіцца потым не будуць, і крыўдзіцца не будуць, калі ты не вырашыш іх праблем. З людзьмі трэба размаўляць і не баяцца ісці да іх", - параіў беларускі лідар. - А ці шмат у нас старшынь райвыканкамаў, дэпутатаў, гатовых выйсці на публіку, выступіць, адказаць на нязручныя пытанні?"

Прэзідэнт нагадаў, што яшчэ ў 2006 годзе ў Дырэктыве аб дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату і павышэнні якасці забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва былі прапісаны ўсе магчымыя напрамкі работы з насельніцтвам. "Бачу, што тэлефонныя лініі і прыёмы грамадзян вы асвоілі. А колькі правялі прэс-канферэнцый па актуальных для насельніцтва пытаннях?" - задаў пытанне кіраўнік дзяржавы. Ён звярнуў увагу, што апошнім часам у многіх начальнікаў намецілася нястрымнае жаданне паказацца ў тэлеэфіры і "малаціць там што папала". "Зразумейце, як толькі вы выходзіце і пачынаеце там рыдаць і стагнаць, не прадумаўшы, што вы хочаце сказаць і ці зойдзе гэта народу, людзі пераключаюць тэлевізар на іншы канал. Не хадзіце вы ў тэлевізар, калі вы да гэтага не гатовы, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Я гэта вітаю і прашу, каб вы часцей паказваліся ў тэлевізары, але з добрымі нейкімі ідэямі".

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што ў яго як у Прэзідэнта ёсць неабходнасць у тэлевізійным эфіры даваць справаздачу перад народам аб ажыццёўленай рабоце, праведзеных мерапрыемствах, а таксама задаваць для ўсёй краіны напрамак руху па ключавых, стратэгічных пытаннях: "Ад Прэзідэнта ідзе сігнал па тым ці іншым пытанні, у якім напрамку дзейнічаць і ці будзем дзейнічаць наогул".

"Усё, што вы гаворыце, павінна быць успрынята людзьмі, а не проста выйсці і пакрасавацца. Улічыце, калі ласка, гэта", - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі