Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
02 ліпеня 2019, 19:04

Лукашэнка: будучыня Беларусі - у з'яднанасці народа і нацыянальным адзінстве

2 ліпеня, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Будучыня Беларусі - у з'яднанасці народа і нацыянальным адзінстве. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на ўрачыстым сходзе, прысвечаным Дню Незалежнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Гісторыя навучыла нас берагчы мір і незалежнасць, пакідаючы рознагалоссі і супярэчнасці ў мінулым. Мы дакладна ведаем, што будучыня Беларусі - у з'яднанасці народа і нацыянальным адзінстве. Гэта самае вялікае дасягненне нашай дзяржавы і самая лепшая спадчына, якую мы пакінем нашым дзецям і ўнукам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, лёс беларускага народа - гэта шлях да стварэння суверэннай дзяржавы даўжынёй у некалькі эпох. На гэтым шляху было ўсё - і ўздымы, і заняпады. "Мы здабывалі дзяржаўнасць і былі самымі цывілізаванымі на гэтай тэрыторыі. Сёння, углядваючыся ў падзеі мінулых стагоддзяў, мы бачым, як у цэнтры віру гістарычных падзей і лёсаў складана, але ўпэўнена фарміраваўся беларускі народ, мы з вамі фарміраваліся. А ў свядомасці людзей умацоўвалася думка аб стварэнні ўласнай дзяржавы па праву сваёй нацыянальнай унікальнасці і наяўнасці гістарычнай тэрыторыі. Але так склалася, што менавіта нам выпаў шанц спраўдзіць гэту мару. Мы здабылі суверэнітэт і разумеем вялікі гістарычны маштаб гэтай падзеі", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што на планеце жывуць дзве тысячы вялікіх і малых народаў, але толькі дзясятая частка з іх змагла стварыць уласную дзяржаву і зрабіць так, каб яна адбылася. "І тое, што за чвэрць стагоддзя сваёй незалежнасці ва ўмовах моцнага палітычнага, інфармацыйнага і эканамічнага націску (вы памятаеце, гэта зусім нядаўна было) нам удалося абараніць суверэнітэт, захаваць мір і парадак у краіне, - гэта стала нашай з вамі агульнай перамогай у навейшай гісторыі Беларусі. Перамогай без вайны, што вельмі важна", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь, памятаючы ўрокі мінулага, вядзе міжнародны дыялог на прынцыпах добрасуседства і ўзаемнай павагі, у краіне захоўваюць і падтрымліваюць міжканфесійную і ўнутрынацыянальную згоду, імкнуцца да справядлівага і гарманічнага развіцця грамадства.

"Усё, што зроблена сёння ў Беларусі, нязменна асацыіруецца са знакам самай высокай якасці. І гэта дзякуючы вам - усім, хто любіць сваю краіну, працуе сумленна ў імя нашай агульнай мэты: зрабіць яе сучасную гісторыю слаўнай і яшчэ прыгажэйшай. Мы ведаем, што ўсё дасягальна, але толькі калі будзем верыць ва ўласныя сілы, захаваем мір і зробім усё магчымае ў імя гэтага жыцця на зямлі", - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі