Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
22 лютага 2018, 17:37

Лукашэнка: беларускі народ набыў генетычнае непрыманне любой узброенай агрэсіі

22 лютага, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Беларускі народ набыў генетычнае непрыманне любой узброенай агрэсіі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на ўрачыстым сходзе, прысвечаным 100-годдзю Узброеных Сіл Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Прайшоўшы праз суровыя выпрабаванні сусветнымі войнамі і выстаяўшы ў іх, беларускі народ набыў генетычнае непрыманне любой ваеннай агрэсіі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, у беларусаў сёння няма жадання браць у рукі зброю. "Але ў свеце павінны ведаць, што і сёння мы гатовы абараніць сваю зямлю, свае сем'і, сваю незалежнасць. Павышэнню абараназдольнасці дзяржавы і далей мы будзем удзяляць першарадную ўвагу, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Порах трэба трымаць сухім, гэта не я прыдумаў, і не мы з вамі. Гэта аксіёма, наша гісторыя, нашы ўрокі і памылкі. Мы пастаянна будзем удасканальваць нашы навыкі і ўменні абараняць Айчыну".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што гэтымі днямі адзначаецца векавы юбілей Узброеных Сіл - гэта не толькі нагода азірнуцца назад, але і магчымасць ацаніць перспектывы іх развіцця.

Гісторыя беларускіх Узброеных Сіл пачалася з нараджэння Рабоча-сялянскай Чырвонай арміі, якой наканавана было адыграць вырашальную ролю ў станаўленні і захаванні дзяржаўнасці нашай краіны. "Той няпросты гістарычны перыяд пакінуў нам вялізную колькасць трактовак і інтэрпрэтацый. Аднак мы павінны помніць галоўнае: менавіта тыя людзі і тая Чырвоная армія дапамаглі нам выжыць і адбыцца як нацыі. Гэта неаспрэчная праўда, якую мы павінны захаваць і перадаць наступным пакаленням", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Сапраўдным выпрабаваннем для беларускага народа стала Вялікая Айчынная вайна, у якой змагалася 1,5 млн суайчыннікаў, звярнуў увагу Прэзідэнт. У Беларусі разгарнуўся адзін з самых масавых партызанскіх рухаў. Паўмільёна партызан і падпольшчыкаў вялі барацьбу з захопнікамі на акупіраванай тэрыторыі.

"Увесь народа ад малога да вялікага, які знаходзіўся тут у Беларусі, на акупіраванай тэрыторыі, змагаўся за свой кавалак зямлі, за сваю зямлю, абараняючы сваіх дзяцей і сем'і. Цяжка дасталася нам гэта вайна, кожны беларус помніць яе цану, - заявіў ён. - Дата 23 лютага непарыўна звязана з Савецкай арміяй, якая забяспечыла ў другой палавіне дваццатага стагоддзя стратэгічны парытэт на планеце і зрабіла ірацыянальнай ядзерную вайну".

Важкі ўклад у падтрыманне высокай абараназдольнасці краіны ўнесла Чырванасцяжная Беларуская ваенная акруга, сказаў кіраўнік дзяржавы. Створаныя на яе базе Узброеныя Сілы незалежнай Беларусі сталі гарантам яе бяспекі і суверэнітэту.

"Пасля іх глыбокага пераўтварэння была створана новая сістэма кіравання войскамі, сфарміраваны камандаванне ваенна-паветраных сіл і войскаў проціпаветранай абароны, сілы спецыяльных аперацый, выбудавана айчынная мадэль ваеннай адукацыі", - адзначыў Прэзідэнт.

За кароткі прамежак часу, каля 15-17 гадоў, беларуская армія некалькі разоў мадэрнізавалася і прыстасоўвалася да вядзення вайны ў рэзка зменлівых умовах. "Мы вывучалі вопыт канфліктаў і войнаў на планеце, як губка, успрымалі гэтыя ўрокі і спрабавалі стварыць кампактную, невялікую армію, але здольную абараніць у любы момант нашу дзяржаву і народ. Прынятыя меры далі магчымасць эфектыўна процістаяць сучасным выклікам і пагрозам", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Аднак развіццё ваеннага патэнцыялу краіны з'яўляецца бесперапынным працэсам, заўважыў беларускі лідар. Гэта абумоўлена сітуацыяй, што складваецца як у свеце, так непасрэдна каля граніц рэспублікі. "Беларусь па прычыне свайго геаграфічнага становішча і адкрытасці зведвае ўздзеянне большасці палітычных падзей, што адбываюцца за мяжой", - канстатаваў ён.

Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што сёння войскі Беларусі здольны выконваць усе ўскладзеныя на іх задачы.

"Самае каштоўнае ў арміі - гэта людзі. Моцныя духам, адданыя сваёй радзіме і абавязку. Павышэнне прэстыжу ваеннай службы, умацаванне афіцэрскага корпуса, рост яго прафесіяналізму і з'яднанасці застаюцца для нас прыярытэтнымі напрамкамі", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, цяперашнія афіцэры, прапаршчыкі, сяржанты і салдаты з'яўляюцца дастойнымі нашчадкамі пакалення воінаў-пераможцаў. "Упэўнены, што вы з гонарам апраўдаеце высокі давер нашага народа", - адзначыў беларускі лідар.

Звяртаючыся да ветэранаў, кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што, нягледзячы на ўзрост, яны па-ранейшаму ў страі, поўныя аптымізму і жыццёвых сіл. Аляксандр Лукашэнка выказаў ім словы ўдзячнасці за бясцэнны ўклад у патрыятычнае выхаванне будучых абаронцаў Айчыны, за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю. "Вы былі і застаяцеся ўзорам для пераймання, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Вы, савецкія генералы і афіцэры, афганцы і ўсе тыя, хто з гонарам сёння нясе сцяг Перамогі мая 1945-га".

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што віншаванняў з Днём абаронцаў Айчыны заслугоўваюць не толькі мужчыны, цяперашнія і будучыя абаронцы радзімы, але і прадстаўніцы слабага полу. "Усе нашы жанчыны сёння, можна сказаць, ваенныя. Тыя, хто знаходзяцца ў тыле мужчын, якія служаць, хіба не ваенныя? Тыя, хто змагаюцца разам з намі ва Узброеных Сілах, і нават тыя дзяўчаты, якія сёння прынеслі нам чарговую перамогу ў Карэі, яны таксама ваенныя", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі