
10 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусі ад брацкай Расіі патрэбны поўныя гарантыі бяспекі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы ў Мінску з міністрам абароны Расіі Сяргеем Шайгу, які прыбыў у беларускую сталіцу ў развіццё нядаўніх дамоўленасцей паміж кіраўнікамі дзяржаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Расстаючыся пасля апошніх перагавораў з Уладзімірам Уладзіміравічам (Пуціным. - Заўвага БЕЛТА), мы дамовіліся, што вы са спецыялістамі прыедзеце ў Беларусь, і мы сядзем з вамі, абмяркуем пытанні бяспекі Беларусі. Вы ведаеце, на ВДС я ўжо ўзнімаў гэта пытанне. Але да гэтага мы абмеркавалі гэта пытанне з Уладзімірам Уладзіміравічам", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што заходнія краіны не выконваюць і фактычна растапталі дамоўленасці аб гарантыях бяспекі, якія даваліся ў рамках Будапешцкага мемарандума ў абмен на вывад ядзернай зброі. Мелася на ўвазе эканамічная бяспека ў тым ліку. "Ну якая эканамічная бяспека, калі яны ўводзяць супраць нас, Расіі санкцыі?! - адзначыў беларускі лідар. - Таму я гэта пытанне ўзняў у перагаворах з Прэзідэнтам Расіі. Ён абсалютна мяне падтрымаў па ўсіх напрамках. І, гаворыць, нам трэба прарэвізаваць усе нашы дагаворы і пагадненні - Беларусі і Расіі, - паглядзець, які нарматыўны прававы акт міждзяржаўнага характару трэба прыняць цяпер, каб забяспечыць поўную бяспеку Беларусі".
"Увогуле гэта гучала на перагаворах так, што ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі Расійская Федэрацыя абараняе Беларусь як уласную тэрыторыю. Вось такія нам патрэбны (гарантыі. - Заўвага БЕЛТА) бяспекі, - заявіў Прэзідэнт. - Нам ад нашай брацкай Расіі патрэбны поўныя гарантыі бяспекі".-0-