
22 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь з'яўляецца надзейным сябрам Кітая і кітайскага народа і хацела б і ў далейшым мець сур'ёзныя стратэгічныя адносіны з гэтай краінай. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з віцэ-прэм'ерам Дзяржсавета КНР Лю Гачжунам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы жывём у даволі складаны, супярэчлівы час. Часта задумваемся, хто ж у нас сябар, хто перастаў быць сябрам, хто па той бок барыкад размясціўся. Але вы павінны ведаць, і я ўпэўнены, што вы гэта добра ведаеце, што Беларусь з'яўляецца надзейным сябрам Кітая і кітайскага народа. Не толькі таму, што гэта складаны час і ён няпросты для нашай эканомікі перш за ўсё. А таму, што мы з вамі ўжо не першае дзесяцігоддзе выбудоўваем адкрытыя дружалюбныя адносіны. Будзьце ўпэўнены, што тут, у цэнтры Еўропы, у вас ёсць надзейныя сябры, якія гатовы садзейнічаць не толькі нашым адносінам, але і вырашэнню тых вялікіх пытанняў, якія перад сабой ставіць Кітайская Народная Рэспубліка, рэалізуючы перш за ўсё (ініцыятыву. - Заўвага БЕЛТА) "Пояс і Шлях" па многіх напрамах. Мы ніколі вас не падводзілі і не падвядзём, - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы аб развіцці супрацоўніцтва, Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што на гэтым усепагодным шляху заўсёды ёсць пэўныя складанасці і цяжкасці, але ў адносінах з Кітаем іх зусім няшмат. "На наша шчасце, такіх праблемных пытанняў у нас практычна няма. Але заўсёды ёсць пажаданне рухацца далей. І я ўпэўнены, што тыя кантракты, якія мы хацелі б ажыццявіць з КНР (будуць рэалізаваны. - Заўвага БЕЛТА), мы хацелі б з вамі мець вельмі сур'ёзныя стратэгічныя адносіны, як мы і намецілі ў нашых дакументах", - падкрэсліў Прэзідэнт.-0-
