Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
24 лістапада 2020, 11:07

Лукашэнка: Беларусь зацікаўлена ў неканфліктным і эфектыўным супрацоўніцтве з іншымі краінамі

24 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь вельмі зацікаўлена ў неканфліктным і эфектыўным супрацоўніцтве з іншымі дзяржавамі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на цырымоніі ўручэння даверчых грамат пасламі замежных краін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на тым, што Беларусь сваімі ініцыятывамі на міжнароднай арэне даказала здольнасць уносіць канструктыўны ўклад у вырашэнне розных праблем.

"З улікам сваёй няпростай гісторыі і геапалітычнага становішча наша краіна вельмі зацікаўлена ў неканфліктным і эфектыўным супрацоўніцтве з іншымі краінамі, у тым ліку з заходнімі, - сказаў Прэзідэнт. - Пры гэтым мы, безумоўна, выключаем любы палітычны і эканамічны націск. У дыялогу з партнёрамі Беларусь прытрымліваецца прынцыпаў адкрытасці, прыстойнасці і раўнапраўя. Любы націск на нас, а тым больш увядзенне якіх-небудзь санкцый... Я сумленна і адкрыта заяўляю: будуць аналагічныя адказы, і яны будуць больш адчувальныя для еўрапейскай супольнасці перш за ўсё. Таму нам не трэба ісці гэтым шляхам".

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што на фоне барацьбы з пандэміяй усё больш жорсткая канкурэнцыя ахоплівае глабальную эканоміку. "Сітуацыя ў свеце імкліва змяняецца і часта складана прагназуецца. Нікуды не адышлі застарэлыя канфлікты. У такіх няпростых умовах усе дзяржавы імкнуцца выпрацаваць стратэгію эфектыўнага процідзеяння выклікам і пагрозам. Як паказвае практыка, больш плённа гэта рабіць разам. А не так, як гэта робяць заходнія дзяржавы, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Нядаўна задэкларавалі, што яны выдзяляюць Беларусі аж 24 млн еўра ў гэтых складаных умовах. Але заявілі, што грошы пойдуць не на барацьбу з пандэміяй, а на развіццё "грамадзянскай супольнасці" (чытай - падтрымку тых пратэсных акцый, якія адбываюцца ў Беларусі і падтрымку так званай апазіцыі). Але, на жаль, на шляху ў Беларусь гэтыя грошы раствараюцца, і мы ведаем, хто іх паглынае. Гэта розныя каардынацыйныя саветы, створаныя за межамі нашай краіны ў якасці альтэрнатывы цяперашняму кіраўніцтву Беларусі, і на дапамогу, на падтрымку тых збеглых, якія сёння акапаліся ў Польшчы і краінах Балтыі, у прыватнасці, у Літве".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі