Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
30 кастрычніка 2019, 14:38

Лукашэнка: Беларусь захавала традыцыю адзначаць 7 лістапада, і гэта рашэнне было правільным

30 кастрычніка, Мінскі раён /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі ў свой час было прынята рашэнне прадоўжыць традыцыю адзначаць свята 7 лістапада. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка перакананы, што яно было правільным, і краіна ад гэтага толькі выйграла. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў, адказваючы на пытанні журналістаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, захаваўшы свята, Беларусь прадоўжыла традыцыю савецкага часу рабіць так званыя падарункі ўлады народу. "Мы захавалі гэта свята і падвялі пад яго адпаведную ідэалогію: будзем завяршаць будоўлі, уборку ўраджаю, падводзіць вынікі і гэтак далей, і падарункі людзям (рабіць. - Заўвага БЕЛТА)", - сказаў Прэзідэнт.

Пры гэтым краіна не адмовілася ад свайго гістарычнага мінулага, не было ў Беларусі, у адрозненне ад суседніх Украіны, Расіі, выпадкаў зносу помнікаў савецкага часу. "Я гэта спыніў адразу. У нас гатовы былі таксама зносіць помнікі, правесці дэкамунізацыю, люстрацыю - я гэта спыніў. І мы ад гэтага выйгралі. Сёння пачалі ўсе вяртацца да таго, што крытыкуюць: вось, помнікі знеслі. Мы нікому не знеслі, захавалі", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

"Так, быў у нас у гісторыі 1917 год. Ён да нас прыйшоў з іншых тэрыторый. Мы жылі ў Расійскай імперыі, былі яе часткай, адбылася рэвалюцыя, мы пачалі будаваць разам з расіянамі і іншымі першую сацыялістычную дзяржаву. Мэты ж былі высакародныя ў 17-м годзе (вы ўжо, напэўна, гэта не вывучаеце, але я як гісторык глыбока вывучаў), добрыя мэты: нешта народу, нешта сялянам. Зладзеяў і алігархаў да сцяны, павесіць - гэта ўсё было, але было і шмат чаго добрага", - прадоўжыў Прэзідэнт.

Адказваючы на пытанне журналістаў, які падарунак ён жадаў бы для сябе, Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што ў час наведвання РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі падумаў аб тым, як быў бы рады, калі б беларускім урачам удалося знайсці спосаб вылечвання ад раку. "Які быў бы падарунак не толькі мне, але і ўсім нам! Хоць яны (урачы. - Заўвага БЕЛТА) і эфектыўна працуюць - 70-75 працэнтаў людзей жывуць, але ж 30 працэнтаў гінуць. Праўда, і людзі самі вінаватыя, нясвоечасова дыягнастуючы гэту хваробу. Але нам перамагчы б гэту хваробу, чалавецтва ўздыхнула б глыбей і на поўныя грудзі. Вось гэта быў бы падарунак!" - сказаў Прэзідэнт.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі