20 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь разглядае Іран як важнага палітычнага і эканамічнага партнёра. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў журналістам па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Ірана Масудам Пезешкіянам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка назваў перагаворы з Масудам Пезешкіянам вельмі змястоўнымі, а атмасферу, у якой адбылася гэта сустрэча, - цёплай і канструктыўнай. "Інакш быць не магло. Нашы суверэнныя дзяржавы звязвае больш як 30 гадоў плённага супрацоўніцтва, заснаванага на шчырай дружбе і павазе", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт Беларусі запэўніў, што для Мінска і Тэгерана не існуе закрытых тэм: "У выбудоўванні дыялогу мы заўсёды зыходзім з прынцыпу ўзаемнага даверу і абавязкова ўлічваем інтарэсы адзін аднаго".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь разглядае Іран у якасці важнага палітычнага і эканамічнага партнёра не толькі ў Азіяцкім рэгіёне, але і на міжнароднай арэне ў цэлым. "За апошнія гады сумеснымі намаганнямі нам удалося дасягнуць сур'ёзнага прагрэсу: хуткімі тэмпамі развіваем узаемадзеянне па розных напрамках, прыярытэтных для абедзвюх краін", - сказаў ён.
Беларускі лідар звярнуў увагу, што на сустрэчы абмяркоўваліся важныя аспекты двухбаковых адносін. Прэзідэнты Беларусі і Ірана ўдзялілі асаблівую ўвагу развіццю гандлю і прамысловай кааперацыі, інвестыцыйнага супрацоўніцтва, а таксама рэалізацыі сумесных ініцыятыў у галіне навукі, тэхналогій і адукацыі.
"Беларускі бок нацэлены на планамернае выкананне дарожнай карты ўсебаковага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Іранам да 2026 года. Мы дамовіліся з Прэзідэнтам па ініцыятыве нашых міністэрстваў замежных спраў, што мы яшчэ раз у бліжэйшы час прарэвізуем асноўныя палажэнні нашай дарожнай карты. Тое, што для нас вельмі актуальна і патрэбна, мы пакінем і будзем абавязкова выконваць, - сказаў Прэзідэнт. - Гэта наш асноўны практычны дакумент і інструмент. Дарожная карта служыць пашырэнню партнёрства паміж краінамі па ключавых напрамках. Сёння мы падпісалі сумесную заяву, якая актуалізуе нашы планы і расстаўляе акцэнты ў дасягненні абазначаных у нашых планах мэт".-0-
