Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
21 кастрычніка 2021, 11:15

Лукашэнка: Беларусь павінна застацца прэзідэнцкай рэспублікай, але ўлада павінна быць збалансаванай

21 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь павінна застацца прэзідэнцкай рэспублікай, але ўлада ўнутры краіны павінна быць збалансаванай. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы з рабочай групай па дапрацоўцы праекта новай Канстытуцыі краіны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што збеглая апазіцыя спрабуе пераканаць усіх, нібыта новая Канстытуцыя Беларусі распрацоўваецца пад дзеючага Прэзідэнта. Аляксандр Лукашэнка развянчаў гэты міф: паводле яго слоў, якраз дзеючай Канстытуцыяй замацоўваецца моцная прэзідэнцкая ўлада. "Калі ўжо шчыра гаварыць, то цяперашняя Канстытуцыя - гэта дакладна пад Прэзідэнта. І лепшай Канстытуцыі, як яны мысляць, па іх крытэрыях, ніякаму прэзідэнту не трэба. Гэта Канстытуцыя сапраўды вельмі жорсткая. Многія спецыялісты кажуць, што аўтарытарнага характару ў нас улада па гэтай Канстытуцыі - гэта сапраўды так. І мы гаворым, чаму мы рабілі гэту Канстытуцыю такім чынам і пад Прэзідэнта. Таму любая іншая Канстытуцыя будзе "слабейшая, чытай, як яны кажуць, "больш дэмакратычная" за цяперашнюю", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

На думку кіраўніка дзяржавы, надышоў час на ўзроўні Канстытуцыі пераразмеркаваць паўнамоцтвы паміж органамі ўлады. Іх абавязкі і зоны адказнасці павінны быць разгрупаваны, але краіна ўсё роўна павінна застацца прэзідэнцкай рэспублікай, упэўнены Аляксандр Лукашэнка. Так, заўважыў ён, лічыць і пераважная большасць беларусаў: яны выступаюць за моцную прэзідэнцкую ўладу.

"Я абсалютна ўпэўнены, што Беларусь павінна быць прэзідэнцкай рэспублікай, калі мы хочам захаваць краіну. І Усебеларускі народны сход уводзіцца не таму, што нехта з прысутных або дзеючы Прэзідэнт ірвецца на гэту пасаду, а для таго, каб забяспечыць, як юрысты кажуць, стрымліванне і процівагу, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Гэта адна з фундаментальных рэчаў - стрымліванне і процівага, на гэтым грунтуюцца ўсе законы і заканадаўчыя акты, і перш за ўсё Асноўны закон".

Прэзідэнт падкрэсліў, што новы праект Канстытуцыі павінен распрацоўвацца з улікам канструктыўных меркаванняў беларускіх грамадзян, а не з аглядкай на збеглую апазіцыю. "Мы будзем іх чуць, хочам мы гэтага ці не, але рэагаваць на кожны чых з-за межаў нашай краіны людзей, якія сёння адпрацоўваюць грошы амерыканцаў, немцаў і іншых, седзячы ў Польшчы або Літве, - тады мы перастанем працаваць і клапаціцца аб уласным народзе, і ні кавід, і ні санкцыі - ніводнага пытання мы не вырашым", - падагульніў ён.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, задача рабочай групы - прадоўжыць пачатую Канстытуцыйнай камісіяй дзейнасць. "Зразумела, тут сабраліся перш за ўсё дзяржаўнікі і ўпраўленцы са стажам, вопытныя людзі розных прафесій. Менавіта яны павінны фарміраваць аблічча новай Канстытуцыі, - адзначыў ён. - Галоўнае ў рабоце гэтай групы над канстытуцыйнымі змяненнямі - не дапусціць разбалансаванасці сістэмы органаў дзяржаўнай улады. Важна пазбегнуць змяшэння функцый і паўнамоцтваў ключавых органаў, забяспечыць узгодненасць іх дзеянняў".

Як паведамлялася, 28 верасня на пашыраным пасяджэнні Канстытуцыйнай камісіі кіраўнік дзяржавы, падводзячы вынікі дыскусіі, вызначыў, як і хто да рэферэндуму будзе дапрацоўваць праект новай Канстытуцыі. Па яго даручэнні было падрыхтавана распараджэнне Прэзідэнта аб стварэнні рабочай групы, якая цяпер займаецца дапрацоўкай праекта Асноўнага закона краіны.

"Я буду з імі часта сустракацца, каб адказаць на нейкія пытанні. А потым, перад унясеннем на ўсенароднае абмеркаванне таго праекта, мы з вамі ў такім жа складзе збяромся. Камісія не распускаецца, не знікае. Яна прадаўжае працаваць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Група юрыстаў пасля ўсенароднага абмеркавання кожны радок паглядзіць і канчаткова юрыдычнай мовай прапіша дакумент, які будзе выносіцца на рэферэндум. Вось дзе юрысты будуць. А гэта група павінна быць не толькі юрыстаў. Гэта павінна быць група спецыялістаў, дзе павінны быць і эканамісты, і ўпраўленцы".

Паводле слоў Прэзідэнта, рэферэндум па новай рэдакцыі Канстытуцыі Беларусі адбудзецца не пазней за люты 2022 года.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі