28 мая, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. Беларусь падвяргаецца самаму маштабнаму ў навейшай гісторыі гібрыднаму націску Захаду. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у Магілёве на Форуме медыйнай супольнасці Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы не расслабляемся. Больш таго, максімальна сканцэнтраваны на пагрозах. Прычыны вядомыя. І калі я бачу, што нехта самазаспакоіўся, я часта нагадваю: не самазаспакойвацца, у адваротным выпадку атрымаем тое, што атрымлівалі. Мы прадаўжаем падвяргацца самаму маштабнаму ў навейшай гісторыі гібрыднаму націску з боку Захаду: палітычнаму - праз пашырэнне антыбеларускай пазіцыі на міжнародным палітычным прававым полі; інфармацыйнаму - праз радыкалізацыю экстрэмісцкіх платформ; эканамічнаму - праз раскрутку махавіка санкцый і прыняцце чарговых пакетаў; ваеннаму - праз спробы ўцягнуць Беларусь у ваенныя канфлікты", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што неабходна быць гатовым да любых правакацый, у тым ліку інфармацыйных. Гэта тэма падрабязна абмяркоўвалася і ў час Усебеларускага народнага сходу, нагадаў ён. Там жа была зацверджана Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі. У дакуменце вызначаны ўнутраныя і знешнія крыніцы пагроз у інфармацыйнай сферы.
"Прыняты неабходныя рашэнні, выбудавана прававое поле, забяспечаны меры падтрымкі вытворчасці нацыянальнага інфармацыйнага прадукту. Цяпер настаў час зверыць гадзіннікі і канкрэтызаваць задачы", - сказаў кіраўнік дзяржавы.-0-