4 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь не сябруе з кім-небудзь супраць каго-небудзь, а прытрымліваецца шматвектарнасці і прадказальнай знешняй палітыкі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сёння гандлёвыя канфлікты перацякаюць у палітычную і ваенную плоскасць, становяцца фактарам развіцця ўнутранай дэстабілізацыі ў асобных краінах. Ён звярнуў увагу, што ЗША ўступілі ў перыяд пастаяннай пратэснай турбулентнасці, у Кітаі ўспыхнуў Ганконг, побач стаў актыўна пераўзбройвацца Тайвань. Абвастрыліся супярэчнасці ў рэгіёне Паўднёва-Кітайскага мора, дзе сканцэнтраваны вельмі вялікія запасы нафты і газу. Шуганула на індыйска-кітайскай граніцы. Каб абараніць сябе, Кітай вымушаны актывізаваць ваеннае будаўніцтва. Заіскрыла на граніцы паміж Індыяй і Пакістанам - краінамі з ядзернай зброяй, дадаў Прэзідэнт.
"Палаючыя ачагі нестабільнасці мы зноў назіраем у Паўночнай Афрыцы, на Блізкім Усходзе. Ускладняецца абстаноўка ў адносінах да Ірана, Венесуэлы, Сірыі, іншых краін, якія дазваляюць сабе незалежную, свабодалюбівую палітыку. Ды і на постсавецкай прасторы дзесяцігоддзямі не можам вырашыць шмат застарэлых канфліктаў: Прыднястроўе, каўказскі клубок супярэчнасцей, армяна-азербайджанскі канфлікт. Больш таго, атрымалі яшчэ і Украіну", - прывёў яшчэ некалькі прыкладаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што Беларусь сёння знаходзіцца на гэтым геапалітычным разломе, жыве сваім розумам, яна аказалася адзіным спакойным звяном у цэнтры Еўразіі. "Таму сёння наразрыў, - канстатаваў Прэзідэнт. - І Расія баіцца нас страціць: бо акрамя нас у яе не засталося па-сапраўднаму блізкіх саюзнікаў. І Захад апошнім часам стаў праяўляць да нас усё больш прадметны інтарэс. Ды і Кітай сур'ёзна разлічвае на стабільнасць свайго сябра. Наш адказ усім вядомы: Беларусь не сябруе з кім-небудзь супраць каго-небудзь. Мы за шматвектарнасць, паслядоўную, прадказальную знешнюю палітыку".-0-