3 ліпеня, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Беларусь мае намер выкарыстоўваць усе рэзервы для аднаўлення стабільнасці і спакою ў рэгіёне. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на парадзе ў гонар 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Дня Незалежнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы 75 гадоў жывём пад чыстым небам. У імя свяшчэннай памяці герояў Вялікай Айчыннай вайны абавязаны захаваць мір і незалежнасць сваёй зямлі, перадаць гэту самую вялікую каштоўнасць у нашым жыцці наступным пакаленням. Выканаць гэту важную місію - значыць дастойна процістаяць выкліку новых глабальных канфліктаў - ваенных, інфармацыйных, эканамічных. Такіх, якія ахопліваюць усе сферы жыцця, разбураюць дзяржаву знутры і адкідваюць на дзесяцігоддзі назад у развіцці. Часам без адзінага стрэлу, але ўсё часцей - па крывавых сцэнарыях", - сказаў Прэзідэнт.
Ён заўважыў, што ў гэта глабальнае процістаянне ўцягнуты і невялікія дзяржавы. "Усе сёння ваююць супраць усіх, і гэта адбываецца не проста вакол нас, а побач з нашымі граніцамі. Мы маем намер выкарыстоўваць усе рэзервы для аднаўлення стабільнасці і спакою ў рэгіёне. Выстаўляючы міралюбівыя ініцыятывы, мы імкнёмся да галоўнай мэты - знайсці новыя шляхі і метады наладжвання ўзаемаадносін паміж рознымі геапалітычнымі сіламі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Баяздольнасць Узброеных Сіл, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў Беларусь умацоўвае выключна для забеспячэння міру на сваёй зямлі, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. "З нашым галоўным стратэгічным партнёрам - Расіяй - ажыццяўляем ваеннае будаўніцтва, накіраванае на павышэнне абараназдольнасці Саюзнай дзяржавы. Мы актыўна ўзаемадзейнічаем з краінамі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы. Пашыраем супрацоўніцтва ў ваеннай і ваенна-тэхнічнай сферах з Кітайскай Народнай Рэспублікай, - канстатаваў Прэзідэнт. - У гады Вялікай Айчыннай вайны нашы продкі плячо ў плячо змагаліся супраць агульнага агрэсара як на захадзе, так і там, далёка на ўсходзе. І сёння мы разам стаім на варце спакою і дабрабыту нашых дзяржаў".-0-