Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
01 лютага 2021, 13:32

Лукашэнка: Беларусь хоча быць краінай, ад якой ідуць толькі мірныя ініцыятывы

1 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь хоча быць краінай, ад якой ідуць толькі мірныя ініцыятывы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння, прымаючы з дакладам старшыню Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Анатоля Лапо, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў мінулым годзе дзяржава была вымушана ўдзяліць асаблівую ўвагу забеспячэнню бяспекі. Некаторым гэта магло здацца бразганнем зброяй. "Нічога падобнага. Мы ніколі не бразгалі і бразгаць зброяй не збіраемся. Мы, як і раней, хочам быць астраўком бяспекі ў Еўропе і краінай, ад якой ідуць толькі мірныя ініцыятывы. Гэта наша перспектыва", - падкрэсліў Прэзідэнт.

У той жа час кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што Беларусь вымушана адказваць на выклікі і пагрозы. "Гісторыя нас вучыць таму, каб мы заўсёды былі гатовы адказаць на любую правакацыю, - сказаў ён. - Яшчэ раз падкрэсліваю: наша тут адказнасць не толькі за Беларусь, але і расіян. Трэба аддаць належнае, што ўсё ж такі ўзровень аховы нашымі пагранічнікамі зоны адказнасці перасягае любую граніцу ў свеце. Мы разумеем, што граніца - гэта люстэрка, твар любой дзяржавы. Я магу спрачацца з любым, што няма такой аховы дзяржаўнай граніцы ў свеце ў іншай дзяржавы, як у Беларусі. На гэтым узроўні ахову дзяржаўнай граніцы трэба і падтрымліваць".

Па выніках даклада Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў рашэнне на ахову дзяржаўнай граніцы органамі пагранічнай службы ў 2021 годзе.

Як заявілі ў Дзяржпагранкамітэце, абстаноўка на беларускай граніцы на працягу 2020 года заставалася стабільнай і кантралюемай, пагроз пагранічнай бяспецы не выяўлена. Дзеючыя з пачатку года абмежаванні з-за пандэміі, нарошчванне шчыльнасці аховы граніцы і прыкрыцця рубяжоў прывялі да зніжэння проціпраўнай дзейнасці.

"Разам з тым на рубяжах Беларусі захаваліся рызыкі і выклікі пагранічнай бяспецы, звязаныя з незаконнай міграцыяй, кантрабандай і спробамі перасячэння граніцы радыкальна настроенымі асобамі. Тэрыторыя Беларусі па-ранейшаму выкарыстоўвалася для транзіту незаконных мігрантаў з нестабільных рэгіёнаў у краіны Еўрасаюза", - адзначылі ў ведамстве.

Органы пагранічнай службы выявілі і спынілі 12 каналаў наркатрафіка, выявілі 45 асоб з прыкметамі датычнасці да экстрэмісцкай дзейнасці. Аднак у цэлым агульная колькасць парушальнікаў заканадаўства аб дзяржграніцы знізілася больш як у два разы - з 4 тыс. у 2019 годзе да 1,8 тыс. у 2020-м.

У мінулым годзе завершана ўкараненне электроннай чаргі ў пункце пропуску "Брузгі". Сумесна з Дзяржаўным мытным камітэтам праведзена мадэрнізацыя і рэканструкцыя пункта пропуску "Урбаны" на беларуска-латвійскай граніцы, прадаўжаюцца работы ў пункце пропуску "Верхні Церабежаў" на граніцы з Украінай, якія плануецца завяршыць у сакавіку бягучага года. Таксама прадаўжаецца работа па перадачы мытні асобных функцый пагранічнікаў у пунктах пропуску "Новая Рудня", "Катлоўка", "Макраны" і "Свіслач".

"Вялікая работа праводзіцца органамі пагранічнай службы ў рамках барацьбы з распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі і папярэджаннем яе завозу з тэрыторый замежных дзяржаў. У пунктах пропуску праз граніцу пагранічнікі сумесна з супрацоўнікамі санітарна-каранцінных пунктаў вырашаюць задачы па выяўленні ў патоку асоб з прыкметамі небяспечнага захворвання, выдаюць патрабаванні аб самаізаляцыі тым, хто прыбывае з краін чырвонай зоны. У 2020 годзе забяспечаны пропуск праз граніцу каля чатырох мільёнаў транспартных сродкаў і амаль дзевяці мільёнаў асоб. Зніжэнне патокаў абумоўлена, перш за ўсё, увядзеннем сумежнымі дзяржавамі абмежаванняў на перасячэнне граніцы", - расказалі ў камітэце.

Сярод асноўных задач на 2021 год у Дзяржаўным пагранічным камітэце назвалі ўдасканаленне інжынернага і тэхнічнага абсталявання рубяжоў, а таксама прыбліжэнне да іх месцаў дыслакацыі падраздзяленняў. Прадоўжыцца актыўнае будаўніцтва сігналізацыйных комплексаў і ўстаноўка аўтаматызаваных пастоў тэхнічнага нагляду для надзейнага кантролю ахоўных участкаў.

Напрыклад, створаны на пагранічнай заставе "Хойнікі" цэнтр маніторынгу дае магчымасць дыстанцыйна кантраляваць звыш 100 км граніцы з Украінай пры дапамозе розных сістэм аховы і нагляду. У бягучым годзе яго магчымасці ўзрастуць у некалькі разоў. Плануецца таксама завяршыць работы па абазначэнні беларуска-ўкраінскай граніцы з боку Беларусі ў межах Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі