Сцяг Аўторак, 8 ліпеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
05 ліпеня 2025, 11:56

Лукашэнка: баі на Дняпроўскім рубяжы ў Беларусі шмат у чым паўплывалі на зыход бітвы пад Масквой

5 ліпеня, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. Баі на Дняпроўскім рубяжы ў Беларусі шмат у чым паўплывалі на зыход бітвы пад Масквой і далейшы ход Вялікай Айчыннай вайны. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на адкрыцці музея Славы Магілёўшчыны, які пабудавалі ў Магілёўскім раёне побач з легендарным Буйніцкім полем, дзе ішлі самыя бязлітасныя абарончыя баі на подступах да абласнога цэнтра, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Роўна трыццаць гадоў мінула з таго часу, як мы з вамі тут, на Буйніцкім полі, адкрывалі мемарыяльны комплекс, створаны ў памяць аб гераічным подзвігу абаронцаў Магілёва. Менавіта на гэтым месцы пісалася адна з самых гераічных старонак гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Тут, на Дняпроўскім рубяжы, пачаўся адваротны адлік да краху Трэцяга рэйха. Значнасць тых падзей, якія шмат у чым паўплывалі на зыход бітвы пад Масквой і далейшы ход вайны, ставіць гэта беларускае поле ў адзін рад з Куліковым, Барадзінскім і Прохараўскім", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што тут баі ішлі каля месяца. Да Масквы заставалася два крокі - Магілёў і Смаленск. Адным з самых яркіх эпізодаў бязлітаснай магілёўскай бітвы стала абарона гэтай тэрыторыі воінамі 388-га стралковага палка пад камандаваннем палкоўніка Куцепава. Гэта быў адзін з найважнейшых эпізодаў для далейшай абароны сталіцы Савецкага Саюза. "Наша камандаванне разумела і кіраўніцтва краіны: трэба што б там ні было не перамагчы нават, а як мага даўжэй затрымаць тут праціўніка, каб там (пад Масквой. - Заўвага БЕЛТА) арганізавацца. Вось каштоўнасць гэтых бітваў пад Магілёвам і Смаленскам", - адзначыў беларускі лідар.

Падрабязнасці пра бітву пад Магілёвам вядомы дзякуючы пісьменніку і ваенкору Канстанціну Сіманаву. Убачыўшы на Буйніцкім полі сапраўдныя могілкі спаленых у першым жа баі нямецкіх танкаў і іншай бранятэхнікі, ён назваў яго "трыумфам салдацкай мужнасці". Такога супраціўлення немцы да таго часу нідзе не сустракалі.

"Байцы Чырвонай Арміі "станавіліся пераможцамі там, дзе гэта, здавалася, было немагчыма па ўсіх законах логікі". Гэта цытата з дзённіка Сіманава. Пасля вайны ён пісаў, што менавіта тут, пад Магілёвам, убачыў "людзей, якія спыняць ворага". Убачыў заранак Вялікай Перамогі", - працытаваў пісьменніка Аляксандр Лукашэнка.

Буйніцкае поле, поле доблесці і стойкасці савецкіх воінаў, пакінула ў душы пісьменніка-франтавіка глыбокі след. Ён завяшчаў пасля смерці развеяць тут свой прах. Воля Канстанціна Міхайлавіча Сіманава была выканана.

"А сёння мы выконваем волю нашых ветэранаў і жыхароў вобласці - адкрываем музей Славы Магілёўшчыны", - сказаў Прэзідэнт.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі