Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
03 верасня 2019, 14:29

Лукашэнка бачыць вялікую небяспеку ў спыненні дзеянняў ДРСМД

3 верасня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка бачыць вялікую небяспеку ў спыненні дзеянняў Дагавора аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці. Аб гэтым ён заявіў сёння ў Мінску на міжнароднай канферэнцыі па барацьбе з тэрарызмам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што наступствы гэтага кроку могуць быць нават больш небяспечныя за тэрарызм. "Калі мы не спынімся, лічыце, што мы зрабілі першы крок да новай вайны. І дай бог, каб гэта вайна абышлася хаця б без ядзернай зброі", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што процідзеянне тэрарызму - гэта выключна важнае, але не адзінае звяно ў ланцугу ўсеагульных намаганняў па забеспячэнні міжнароднай бяспекі. Набірае сілу дэградацыя сістэмных асноў гэтай бяспекі, якія ствараліся з сярэдзіны мінулага стагоддзя.

"Адной з прычын і вынікам гэтага працэсу стала разбурэнне даверу паміж краінамі. Апошні сумны прыклад - спыненне дзеяння Дагавора аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці. Чарговае мерапрыемства, і хто яго спарадзіў - ведаеце. І вы, напэўна, разумееце, што праз некалькі гадоў (гэта барацьба пачалася ўжо) мы пачнём змагацца супраць гэтага страшэннага зла - траціць грошы, праводзіць канферэнцыі. І тыя, хто сёння вінаватыя ў парушэнні гэтых дагавораў, яны, магчыма, будуць ініцыятарамі правядзення гэтых канферэнцый. Дык ці не лепш цяпер спыніцца?!" - паставіў пытанне кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, рэальная магчымасць з'яўлення гэтых узбраенняў у ціхай і спакойнай Еўропе - прамы шлях да росту напружанасці на кантыненце і новага вітка гонкі ўзбраенняў. "Яна пачалася ўжо, прытым ідзе вельмі хутка. У вядучых краінах настолькі фарсіруюць гэты працэс, што ў час выпрабаванняў новай зброі проста дзясяткамі і сотнямі гінуць людзі", - канстатаваў Прэзідэнт.

Ён звярнуў увагу, што для аднаўлення даверу Беларусь паслядоўна і настойліва развівае ідэю аб неабходнасці аднаўлення шырокага міжнароднага дыялогу - як на рэгіянальным, так і на глабальным узроўні. "Без усеагульнай гатоўнасці да новага перагаворнага працэсу, які стабілізаваў бы міжнародныя адносіны, мы не можам гарантаваць бяспеку сваім краінам і народам. Неабходны пошук аб'яднальнага парадку дня, новых ідэй, што падзяляюцца шырокім колам дзяржаў і міжнародных арганізацый. Адной з іх, на маю думку, павінна стаць процідзеянне размяшчэнню ракет сярэдняй і меншай далёкасці ў Еўрапейскім рэгіёне", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь з'яўлялася паўнапраўнай удзельніцай Дагавора аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці: "Мы не выходзілі з яго, і не маем намеру вырабляць або размяшчаць такія ракеты, калі не будзе пагрозы нашай бяспецы. Пакуль такой сітуацыі няма. Спадзяюся, і не будзе. Заяўляю гэта як кіраўнік дзяржавы, размешчанай у самым сэрцы Еўрапейскага кантынента, дзе ў генах кожнага жыхара жыве памяць аб самых страшных у гісторыі чалавецтва войнах. Яны ўсе пракаціліся цераз нашу зямлю".

"Перакананы, што дэкларацыя адказных краін аб неразмяшчэнні ракет сярэдняй і меншай далёкасці ў Еўропе магла б стаць сапраўдным укладам ва ўмацаванне бяспекі. Мы не ідэалісты і бачым усе складанасці, з якімі можа сутыкнуцца гэта ініцыятыва ва ўмовах існуючых супярэчнасцей. Але ж і Дагавор аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі, і глабальныя забароны іншых відаў зброі масавага знішчэння таксама калісьці здаваліся немагчымымі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт выказаў перакананне, што сумесныя дзеянні па захаванні дасягненняў ДРСМД на Еўрапейскім кантыненце сталі б важным крокам у глабальным дыялогу па аднаўленні даверу.

Кіраўнік дзяржавы лічыць павярхоўным меркаванне, што калі ў якой-небудзь краіны больш грошай, то яна выйграе ў гонцы ўзбраенняў. "Сёння тэхналогіі так развіты, што не абавязкова ў гэтай гонцы ўзбраенняў быць першым. Сёння нават краіна з сярэднім дастаткам можа вырабіць такую зброю, што гэтым багатым, якія хочуць быць лідарамі ў такой гонцы, мала не падасца".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі