Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
17 студзеня 2019, 11:11

Лукашэнка бачыць вялікі фронт работы для Беларусі ў Зімбабвэ

17 студзеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Беларусь прапануе Зімбабвэ выбудаваць стратэгію і канкрэтны план развіцця супрацоўніцтва на перспектыву. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на перагаворах з Прэзідэнтам Зімбабвэ Эмерсанам Мнангагвам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь, не з'яўляючыся гіганцкай краінай, не можа на глыбокай аснове выбудоўваць супрацоўніцтва з усімі краінамі Афрыкі. "Таму мы спрабуем знайсці тых, з кім маглі б выбудаваць стратэгічнае партнёрства", - сказаў ён.

"Мы вельмі эфектыўна супрацоўнічаем з краінамі Паўночнай Афрыкі, перш за ўсё нашым дружалюбным партнёрам Егіптам, Алжырам, іншымі краінамі. У Цэнтральнай Афрыцы мы супрацоўнічаем з даўняй пары з Суданам. Мы хацелі б мець вельмі цеснае супрацоўніцтва і з дзяржавамі Паўднёвай Афрыкі. Мы пабывалі ў многіх краінах Афрыкі і бачым вялікі фронт работы для Беларусі ў Зімбабвэ", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што бакі добра ведаюць магчымасці адзін аднаго, але на шляху развіцця адносін ёсць пэўныя складанасці. "Не пераадолець гэтыя цяжкасці могуць толькі тыя, хто не спрабуе гэта зрабіць. Калі мы паставім перад сабой мэту пераадолець цяжкасці, якія ёсць у адносінах паміж нашымі дзяржавамі, мы абавязкова рэалізуем праекты, якія мы ўжо сёння бачым", - упэўнены беларускі лідар.

Ён звярнуў увагу, што Зімбабвэ цяпер перажывае нялёгкі час, як і Беларусь у свой час - больш як 20 гадоў таму. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што такія складаныя этапы праходзіць любая дзяржава, якая спрабуе рэфармаваць, удасканаліць і будаваць уласную эканоміку і грамадства. "Мы вельмі перажываем за вас і хацелі б, каб вы як мага хутчэй пераадолелі ўсе ўнутрыпалітычныя і ўнутрыэканамічныя цяжкасці. І вы павінны помніць, што мы ўсяляк будзем гэтаму садзейнічаць", - запэўніў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка сказаў, што з вялікім задавальненнем зробіць візіт у Зімбабвэ, але заявіў аб неабходнасці перад гэтым дамовіцца і рэалізаваць там чатыры-пяць канкрэтных праектаў. "Такіх праектаў, якія ўбачыў бы ўвесь зімбабвійскі народ", - сказаў ён.

Прэзідэнт Беларусі цёпла вітаў свайго калегу ў Мінску, адзначыўшы, што ўжо сустракаўся з ім некалькі гадоў таму, калі Эмерсан Мнангагва займаў пасаду першага віцэ-прэзідэнта. Аляксандр Лукашэнка павіншаваў яго з поспехам на выбарах і пажадаў выканаць тыя абяцанні, якія былі дадзены народу гэтай краіны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі