Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
03 снежня 2018, 09:51

Лукашэнка бачыць у санкцыях і гандлёвых войнах у свеце шанц для эканомік ЕАЭС

3 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што розныя санкцыі і гандлёвыя войны, што разгараюцца ў свеце, уяўляюць сабой шанц для эканомік краін Еўразійскага эканамічнага саюза. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў у інтэрв'ю тэлеканалу "Расія 24". Фрагменты размовы з расійскім тэлевядучым Сяргеем Брылёвым апублікаваны на інтэрнэт-партале "Вести.ru", паведамляе БЕЛТА.

"Цяпер наогул дзіўная, страшная сітуацыя ў свеце ў плане гандлю. Гавораць пра гандлёвыя войны", - адзначыў беларускі лідар. "Але для нас не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. Унікальны шанц! На Расію націскаюць з усіх бакоў. Я гляджу, як вы там адбіваецеся. Пра гэтыя санкцыі ўжо балбатня ідзе ўсюды. Слухайце, супакойцеся. Мы - невялікая краіна - пад санкцыямі былі дзесяць гадоў. Вярцеліся, як вужы на скавародцы. Выжылі. А калі мы аб'ядналіся, мы разам, гэта шанц для нашых эканомік, - лічыць Аляксандр Лукашэнка. - Шчасце, што мы стварылі ЕўрАзЭС. Давайце ажыццявім тут прарыў і пакажам тым, хто марыць пра санкцыі і накладвае іх на Расію і, лічыце, на нас. І не трэба рыдаць і плакацца, што мы пад санкцыямі".

Прэзідэнт упэўнены, што немагчыма велізарную тэрыторыю ЕАЭС з насельніцтвам пад 200 млн чалавек і спалучэннем эканомік, прадпрыемстваў кудысьці "апусціць" з-за санкцый. "Тым больш самая буйная заўтра эканоміка свету - Кітай. Мы з ім у бліскучых адносінах. Але толькі ні пад каго не трэба лажыцца. Мы гордыя савецкія людзі з таго перыяду, мы не гэта цярпелі. Кругом былі жалезныя заслоны, і мы жылі", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Разам з гэтым ён канстатаваў, што будзе няпроста, краіны на постсавецкай прасторы спрабуюць расцягнуць. "У Цэнтральнай Азіі свае інтарэсы. Я ведаю, пра што гавару. Бачыце, што ва Украіне адбываецца. І да Беларусі дабраліся. Нас ужо ледзь ці не ў НАТА гатовы ўзяць, толькі, вядома, каб улада памянялася, дэмакратыі больш, яшчэ чагосьці. Раней аб гэтым не гаварылі. Ідзе барацьба, і пры гэтым адзін з напрамкаў - гэта калі "нахіляюць" Расію, спрабуюць "апусціць", - дадаў Прэзідэнт.

"Гэта таксама барацьба за Расію. Гэта будзе няпроста, таму нам трэба мазгі сабраць у кучу, паставіць мэту і ісці да яе. І мы гэта можам зрабіць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Як паведамлялася БЕЛТА, у апублікаваным раней фрагменце інтэрв'ю Прэзідэнт Беларусі выказаўся наконт супрацоўніцтва краін у ЕАЭС. Ён выказаў меркаванне, што краіны ўжо маюць пэўны вопыт інтэграцыйнага ўзаемадзеяння і прыклады таго, як гэта адбываецца з іншымі краінамі, напрыклад, у Еўрасаюзе. Аднак неабходна дакладна прытрымлівацца дасягнутых дамоўленасцей і быць паслядоўнымі пры рэалізацыі пастаўленых мэт. "Усё ўмеем, але не ўсё робім. Вы ведаеце, мы самі ствараем праблемы: ствараюцца бар'еры ў гандлі, але ж мы дамаўляліся аб свабодным руху капіталу, рабочай сілы, тавараў, паслуг і гэтак далей. І ўсюды - я Дзмітрыю Анатольевічу (Мядзведзеву. - Заўвага БЕЛТА) з такім намёкам гаварыў - заўважаецца нацыянальны эгаізм у гандлі. Але мы ведаем, што гэтага быць не павінна", - выказаў меркаванне кіраўнік дзяржавы.

Адказваючы на пытанне аб тым, якіх памылак Еўрапейскага саюза трэба пазбегнуць саюзу Еўразійскаму, Прэзідэнт адзначыў, што ўсе працэсы для ЕС былі новыя, а таму на гэтым шляху непазбежны нейкія памылкі. "Трэба набрацца цярпення і пераадольваць іх, што не было зроблена. Дабавіліся праблемы. Напрыклад, бежанцы, памылкі, звязаныя з умяшаннем НАТА ў пэўныя дзяржавы. Некаторыя члены Еўрасаюза падключыліся да гэтага. Гэта значыць, нарабілі вельмі шмат памылак, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - З'явілася глеба для нацыяналізму ў розных краінах. І вось тыя палітычныя сілы, якіх раней наогул не заўважалі ні ў Германіі, ні ў Вялікабрытаніі часткова, сталі праяўляць сябе на фоне гэтых памылак. Нацыяналізм стаў пераважаць у многіх дзяржавах. І яны ўзялі курс на нібыта нейкую незалежнасць, на разбурэнне Еўрапейскага саюза".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі