Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
20 верасня 2019, 15:12

Лукашэнка бачыць добрыя перспектывы для развіцця Гродзенскай вобласці

20 верасня, Карэлічы /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка бачыць добрыя перспектывы для развіцця Гродзенскай вобласці. Аб гэтым ён заявіў сёння ў час размовы з работнікамі льнозавода ў Карэлічах, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Гродзенская вобласць была лепшай у Савецкім Саюзе. Яна і сёння не горшая, калі ўзяць усю постсавецкую прастору", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што бачыць добрыя перспектывы па розных напрамках. Напрыклад, у сельскай гаспадарцы рэгіён можа значна прыбавіць у зборы збожжавых: "Я губернатару сказаў, што 1,2 млн т збожжавых - гэта больш, чым у мінулым годзе, але гэта не ўзровень Гродзенскай вобласці. 1,5-1,7 млн т збожжавых каласавых можна мець і 300 тыс. т кукурузы - 2 млн т, калі па зерні".

Акрамя таго, як у Беларусі ў цэлым, так і ў вобласці захавалі шматгаліновыя гаспадаркі. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што, напрыклад, у Расіі ёсць гаспадаркі, дзе атрымліваюць выдатную пшаніцу, ёсць, у асноўным прыватныя, кампаніі, якія вырабляюць добрую мясную прадукцыю або вырошчваюць нядрэнныя яблыкі. "Ёсць асобныя. Але каб у комплексе - малако, мяса, лён, кукуруза, сад, як у "Прагрэс-Верцялішкі" (сельгаспрадпрыемства ў Гродзенскай вобласці. - Заўвага БЕЛТА) - гэта адна шматгаліновая гаспадарка вырабляе ўсё. Гэтага ўжо ў Расіі, ва Украіне і іншых (краінах. - Заўвага БЕЛТА) няма, усё знішчана. Але ж гэта было некалі. Толькі беларусы выратавалі і захавалі шматгаліновыя гаспадаркі. У Гродзенскай вобласці яны практычна ўсе такія", - падкрэсліў беларускі лідар.

Разам з тым ён лічыць, што неабходна інтэнсіфікавацца і значна прыбаўляць. "Павінны быць лепшыя тэхналогіі. Як у лепшых фермераў у Польшчы, Германіі, Францыі. Мы праехалі па ўсім свеце і навучыліся гэта рабіць. Усё Гродзенская вобласць умее рабіць. Толькі трэба сёння дабаўляць. Калі так задачы ставіць перад гродзенцамі, то ў будучым годзе 15-20 працэнтаў калі дабавіце, героямі будзеце", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

У якасці прыкладу добрай арганізацыі работы і стварэння цэлай сістэмы на ўзроўні рэгіёна Прэзідэнт прывёў ААТ "ГроднаАблсельгастэхніка". У час наведвання льнозавода яму прадэманстравалі тэхніку, вырабляемую і адноўленую на базе арганізацый кампаніі. "Малайцы! Зрабілі холдынг. Старыя рамзаводы падцягнулі, сельгастэхніку паднімаеце, якія я запатрабаваў аднавіць. "Сельгастэхніка" - гэта цэнтр, дзе павінны дапамагаць людзям і гаспадаркам. Толькі па цэнах трэба глядзець, каб не адштурхнуць, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Расія сёння рухавікі прывозіць - па імпарце паназакуплялі тэхнікі, а працаваць ніхто ўжо не ўмее. Яны рухавікі "мерседэсаўскія" прывезлі ў Беларусь рамантаваць".

"Гэта значыць вы ствараеце сістэмы. І гэта характэрная рыса вашага губернатара (Уладзіміра Краўцова. - Заўвага БЕЛТА). Я даўно яго ведаю. Малайчына. Трэба заўсёды сістэмы ствараць. І ў Гродзенскай вобласці гэта ўсё ўмеюць рабіць", - дадаў Прэзідэнт.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі