28 мая, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час выступлення на Форуме медыйнай супольнасці Беларусі ў Магілёве ацаніў паспяховасць айчынных сродкаў масавай інфармацыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Вы ведаеце, я пастаянна паглыблены ў спецыфіку работы СМІ. Бачу і рух, і недахопы, і прагрэс. Мне дакладваюць, што сур'ёзна перабудавана сістэма падрыхтоўкі нашых будучых журналістаў з акцэнтам на практычную дзейнасць. Да працэсу навучання далучаны нашы масцітыя журналісты. Гэта правільна. Трэба ўзмацняць пул аднадумцаў, рыхтаваць паслядоўнікаў. На аснове праўды. У адваротным выпадку маладыя, будучыя журналісты нас не зразумеюць і, галоўнае, не ўспрымуць тое, што мы спрабуем ім прапанаваць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што традыцыйныя СМІ пашыраюць сваю прысутнасць у найбольш папулярных сегментах інфармацыйнай прасторы. З'явіліся цікавыя аўтарскія, аналітычныя, забаўляльныя праекты, што важна - папулярныя і вядомыя за мяжой.
"Новы імпульс развіцця атрымала рэгіянальная прэса. Мы пайшлі па шляху стварэння медыяхолдынгаў. Гэта дало магчымасць асучасніць многія выданні, умацаваць творчы і тэхнічны патэнцыялы. Работу ў гэтым напрамку будзем прадаўжаць, калі вы з гэтым згодныя. Але вы ведаеце, адзіны вымяральнік паспяховасці любога сродку масавай інфармацыі - інтарэс аўдыторыі. А тое, што вас актыўна глядзяць, слухаюць, чытаюць, у тым ліку і заўзятыя апаненты, цытуюць дэструктыўныя рэсурсы, - гэта поспех, і ён відавочны. Вы сёння фарміруеце парадак дня", - звярнуў увагу Прэзідэнт.
"Але наш праціўнік, можна сказаць, вораг таксама вучыцца на сваіх памылках, удасканальваецца. Нельга недаацэньваць патэнцыял тых, хто глядзіць на Беларусь як на геапалітычную мэту. Гэта не шайка фрылансераў, а ўзброеная самымі перадавымі тэхналогіямі сетка палітолагаў і інфармацыйна-псіхалагічных цэнтраў. Якія грошы там круцяцца, вы нават не ўяўляеце. Таму трэба паглядзець на сябе і крытычна, каб стаць яшчэ больш паспяховым, яшчэ лепшым, больш эфектыўным. Год якасці абавязвае. Ды і час вымушае", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.-0-