Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
13 лютага 2024, 11:55

Лукашэнка арыентуе на забеспячэнне якасці ў вышэйшай адукацыі, а не на чарговыя навацыі

13 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка арыентуе на забеспячэнне якасці ў вышэйшай адукацыі, а не на чарговыя навацыі. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на сустрэчы з членамі Рэспубліканскага савета рэктараў устаноў вышэйшай адукацыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У Беларусі амаль год прысвяцілі самым вострым пытанням адукацыі, і цяпер трэба толькі ўжо дашліфоўваць пэўныя падыходы. "Прынялі канчатковыя рашэнні па арганізацыі ўступнай кампаніі ў ВНУ, разабраліся са школьнай адукацыяй. У гэтай тэме паставілі кропку. Цяпер трэба дашліфаваць канкрэтныя падыходы. Сёння перад намі стаіць задача ўзварухнуць ВНУ: адукацыю, навуку ў ВНУ - усё, чым займаюцца ВНУ", - заявіў беларускі лідар.

Ён даручыў, каб да 1 верасня рэктары ВНУ разам са сваімі калектывамі прынялі неабходныя рашэнні. Арыенцір - забеспячэнне якаснай адукацыі, у тым ліку ў параўнанні з замежнай. "Вашы выпускнікі павінны дакладна ўсведамляць і разумець, што наша вузаўская адукацыя ў Беларусі лепшая. Многія, хто ўцёк туды (за мяжу. - Заўвага БЕЛТА) за адукацыяй, хутка пачынаюць разумець розніцу. Многія вяртаюцца, але не ўсе. Гэтага хістання быць не павінна. А гэта - праграмы, гэта выкладанне, выкладчыкі і якасны вынік. Як вы будзеце гэта рабіць - гэта ваша праблема. Але да верасня, папярэджваю ўрад, Адміністрацыю і міністра, мы, як па школе, збяромся і спытаем з кожнага", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Задачу ведаеце: наша моладзь павінна вучыцца і працаваць тут. І пераставайце бегаць да мяне з нейкімі чарговымі навацыямі. Народ разброду ў адукацыі не прыме. Таму ціха, спакойна працуем у ВНУ. Яшчэ раз падкрэсліваю: праграмы, падручнікі, выкладчыкі. І выходзіць здаровы нармальны выпускнік, які можа працаваць у тых сферах вытворчасці, дзе ён марыў да паступлення, - падкрэсліў беларускі лідар. - Зроблена для сферы вышэйшай адукацыі шмат. Створаны ўмовы. Навуковыя школы, інтэлектуальны патэнцыял сёння беражом як зрэнку вока. Таму мы ўсе: абітурыенты, студэнты, іх бацькі, нашы прадпрыемствы і арганізацыі, ды і я ў тым ліку - маем права чакаць аддачы".

Прэзідэнт таксама нагадаў, што дэвіз Года якасці - перасягнуць сябе: "Каб нармальна канкурыраваць на ўсіх рынках і выжыць. Гэта значыць, узнімаем планку патрабаванняў да сябе і сумленна прызнаём, дзе недапрацавалі".-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі