Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
18 ліпеня 2022, 11:37

Лукашэнка арыентуе кіраўніцтва Магілёўскай вобласці на больш высокі ўзровень развіцця рэгіёна

18 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка арыентуе кіраўніцтва Магілёўскай вобласці на больш высокі ўзровень развіцця рэгіёна. Адпаведныя задачы ён паставіў, прымаючы з дакладам старшыню Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Ісачанку, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што хоць Анатоль Ісачанка ўсяго паўгода кіруе вобласцю, тым не менш у яго губернатарскай кар'еры гэта невялікі перапынак. Больш таго, Магілёўская вобласць для яго родная, ён там працаваў і раней на розных пасадах, а таму добра ведае абстаноўку, сітуацыю з кадрамі. "Напэўна, вы можаце цяпер, улічваючы работу тут, у цэнтры (да назначэння ў Магілёўскую вобласць Анатоль Ісачанка займаў пасады кіраўніка Мінскай вобласці і намесніка старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу. - Заўвага БЕЛТА), ведаючы патрабаванні, падыходы, падзяліцца сваім меркаваннем аб сітуацыі на Магілёўшчыне. Падзяліцца меркаваннем - гэта добра. Але паколькі вы кіраўнік вобласці, вы павінны бачыць шляхі выхаду Магілёўшчыны на больш высокі ўзровень развіцця", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Мне далажылі, што ў вас і па экспарце дынаміка нармальная, і што, прыемна чуць, і па інвестыцыях вы нядрэнна выглядаеце. Але, давайце будзем шчыра гаварыць, мы ж усё лічым да ўзроўню мінулага года. База не вельмі высокая для гэтых разлікаў. Прамысловасць і сельская гаспадарка сёння патрабуюць больш высокіх тэмпаў развіцця, калі магіляўчане хочуць лепш жыць. Іншага не дадзена", - падкрэсліў беларускі лідар.

У сувязі з гэтым ён пацікавіўся пунктам гледжання Анатоля Ісачанкі на работу ўрада: "Як губернатар глядзіць на работу ўрада ва ўмовах санкцыйнага рэжыму? Што, на ваш погляд, неабходна дадаткова зрабіць для эфектыўнай работы і процідзеяння санкцыям?"

Аляксандр Лукашэнка перш за ўсё пацікавіўся работай па задавальненні галоўных патрэбнасцей людзей - занятасці, пытанні цэнаўтварэння. "Як тут ідуць справы? Ну і работа вертыкалі ўлады", - сказаў Прэзідэнт.

На абмеркаванне з Прэзідэнтам быў вынесены шэраг пытанняў. У іх ліку аб змяненні штатнай колькасці аблвыканкама за кошт іншых падраздзяленняў, у прыватнасці райвыканкамаў. "Ведаеце, я выкажу класічнае меркаванне. Калі б вы прапаноўвалі скараціць (а гэта правільна)... Я паглядзеў. Там, па-мойму, Глускі, Краснапольскі раёны, дзе, магчыма, і трэба трохі скараціцца ў нейкіх камітэтах. Але вы хочаце гэту колькасць перавесці ў аблвыканкам", - заўважыў кіраўнік дзяржавы.

"Не ўсю", - адзначыў Анатоль Ісачанка.

"Але калі б вы (нават не ўсю) прапанавалі скараціцца ў сувязі з тым, што работ там зменшылася, а не павялічвалі колькасць дзяржслужачых і чыноўнікаў наверсе, было б наогул ідэальна. Але я гатовы разгледзець і вашы прапановы. Але галоўнае, каб гэта было абгрунтавана", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Яшчэ адно пытанне - фінансаванне для набыцця фуражнага збожжа. "Зноў жа, я гатовы абмеркаваць гэта пытанне. Магчыма, яно характэрна для рэспублікі ў цэлым", - сказаў Прэзідэнт.

Трэцяе пытанне - аб далучэнні дзяржаўных праектных арганізацый да арганізацый дзяржаўных заказчыкаў. "Пытанне цікавае, успрымаю яго і гатовы сёння таксама да абмеркавання. Але спачатку ваш пункт гледжання на тое, як развіваецца Магілёўшчына, што ёй неабходна, асабліва ў тэрміновым парадку. Вы чалавек вопытны", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі