Сцяг Серада, 17 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
01 лютага 2021, 12:31

Лукашэнка: армія і пагранічныя войскі адчулі, што краіну трэба абараняць больш сур'ёзна

1 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Армія і пагранічныя войскі адчулі, што краіну трэба абараняць больш сур'ёзна. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння, прымаючы з дакладам старшыню Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Анатоля Лапо, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мінулы год для ўсіх нас быў праверкай, асабліва для людзей у пагонах, у тым ліку і для нашых пагранічных войскаў. Трэба сказаць, што ў асноўным мы гэту праверку вытрымалі: пагранічныя войскі па сваім асноўным напрамку спрацавалі крыху лепш, чым іншыя сілавыя структуры. Але ў цэлым нармальна", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў станоўчыя вынікі ў барацьбе з незаконнай міграцыяй, наркатрафікам, кантрабандай, тэрарыстычнымі пагрозамі. "Справа ў тым, што тут, на захадзе, мы абараняем не толькі Беларусь - гэта рубяжы Саюзнай дзяржавы. Таму мы ўдзяляем сур'ёзную ўвагу ахове дзяржаўнай граніцы", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён заўважыў, што сітуацыя з пандэміяй "ускладніла работу на апошнім метры нашай зямлі, асабліва пагранічнікам і мытнікам". "Але сітуацыя была кіруемай, і пагранічнікі, і мытнікі дзейнічалі супольна. Кіруемай у тым плане, што мае распараджэнні хутка даводзіліся да войскаў і выконваліся як ніколі. Значыць, армія і пагранічныя войскі адчулі, што трэба абараняць краіну больш сур'ёзна. Таму рэакцыя была адпаведнай, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта добра, што ў патрэбны момант мы можам сабрацца і, калі трэба, адказаць".

У мінулым годзе была прадоўжана работа па павышэнні эфектыўнасці аховы дзяржаўнай граніцы, удасканаленні інфраструктуры граніцы і прыгранічнай тэрыторыі. "З'явіліся новыя пагранічныя заставы, манеўраныя групы. Вы мне асобна далажыце, ці ўсюды мы стварылі манеўраныя групы там, дзе мы планавалі. Вы ж помніце, што іх наогул ліквідавалі: "разумныя" такія былі, што нам, бачыце, яны не патрэбны. Аказваецца, патрэбны. Няхай невялікія, але ў кожным пагранічным атрадзе, групе павінны быць гэтыя манеўраныя групы, каб у любы момант прыкрыць патрэбны ўчастак граніцы, дапамагчы пагранічным заставам", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Па выніках даклада Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў рашэнне на ахову дзяржаўнай граніцы органамі пагранічнай службы ў 2021 годзе.

Як заявілі ў Дзяржпагранкамітэце, абстаноўка на беларускай граніцы на працягу 2020 года заставалася стабільнай і кантралюемай, пагроз пагранічнай бяспецы не выяўлена. Дзеючыя з пачатку года абмежаванні з-за пандэміі, нарошчванне шчыльнасці аховы граніцы і прыкрыцця рубяжоў прывялі да зніжэння проціпраўнай дзейнасці.

"Разам з тым на рубяжах Беларусі захаваліся рызыкі і выклікі пагранічнай бяспецы, звязаныя з незаконнай міграцыяй, кантрабандай і спробамі перасячэння граніцы радыкальна настроенымі асобамі. Тэрыторыя Беларусі па-ранейшаму выкарыстоўвалася для транзіту незаконных мігрантаў з нестабільных рэгіёнаў у краіны Еўрасаюза", - адзначылі ў ведамстве.

Органы пагранслужбы выкрылі і спынілі 12 каналаў наркатрафіка, выявілі 45 асоб з прыкметамі датычнасці да экстрэмісцкай дзейнасці. Аднак у цэлым агульная колькасць парушальнікаў заканадаўства аб дзяржграніцы знізілася больш як у два разы - з 4 тыс. у 2019 годзе да 1,8 тыс. у 2020-м.

У мінулым годзе завершана ўкараненне электроннай чаргі ў пункце пропуску "Брузгі". Сумесна з Дзяржаўным мытным камітэтам праведзена мадэрнізацыя і рэканструкцыя пункта пропуску "Урбаны" на беларуска-латвійскай граніцы, прадаўжаюцца работы ў пункце пропуску "Верхні Церабежаў" на граніцы з Украінай, якія плануецца завяршыць у сакавіку бягучага года. Таксама прадаўжаецца работа па перадачы мытні асобных функцый пагранічнікаў у пунктах пропуску "Новая Рудня", "Катлоўка", "Макраны" і "Свіслач".

"Вялікая работа праводзіцца органамі пагранічнай службы ў рамках барацьбы з распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі і папярэджаннем яе завозу з тэрыторый замежных дзяржаў. У пунктах пропуску праз граніцу пагранічнікі сумесна з супрацоўнікамі санітарна-каранцінных пунктаў вырашаюць задачы па выяўленні ў патоку асоб з прыкметамі небяспечнага захворвання, выдаюць патрабаванні аб самаізаляцыі тым, хто прыбывае з краін чырвонай зоны. У 2020 годзе забяспечаны пропуск праз граніцу каля чатырох мільёнаў транспартных сродкаў і амаль дзевяці мільёнаў асоб. Зніжэнне патокаў абумоўлена, перш за ўсё, увядзеннем сумежнымі дзяржавамі абмежаванняў на перасячэнне граніцы", - расказалі ў камітэце.

Сярод асноўных задач на 2021 год у Дзяржаўным пагранічным камітэце назвалі ўдасканаленне інжынернага і тэхнічнага абсталявання рубяжоў, а таксама прыбліжэнне да іх месцаў дыслакацыі падраздзяленняў. Прадоўжыцца актыўнае будаўніцтва сігналізацыйных комплексаў і ўстаноўка аўтаматызаваных пастоў тэхнічнага нагляду для надзейнага кантролю ахоўных участкаў.

Напрыклад, створаны на пагранічнай заставе "Хойнікі" цэнтр маніторынгу дае магчымасць дыстанцыйна кантраляваць звыш 100 км граніцы з Украінай пры дапамозе розных сістэм аховы і нагляду. У бягучым годзе яго магчымасці ўзрастуць у некалькі разоў. Плануецца таксама завяршыць работы па абазначэнні беларуска-ўкраінскай граніцы з боку Беларусі ў межах Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі