12 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Галоўнай тэндэнцыяй у сферы бяспекі з'яўляецца назапашванне канфліктнага патэнцыялу ў розных рэгіёнах свету. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 12 снежня ў час пасяджэння Савета бяспекі Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"На пасяджэнні Савета бяспекі разгледзім пытанні планавання абароны нашай дзяржавы на сярэднетэрміновую перспектыву, - раскрыў Прэзідэнт парадак дня пасяджэння. - За апошнія гады ваенна-палітычная абстаноўка вакол краіны змянілася і, на жаль, не ў лепшы бок, як мы ўсе адзначаем і канстатуем, перш за ўсё ваенныя спецыялісты. Не сакрэт, што галоўнай тэндэнцыяй бягучага моманту з'яўляецца назапашванне канфліктнага патэнцыялу ў розных рэгіёнах свету".
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што асобныя дзяржавы, стараючыся паказаць сваю значнасць і прэтэндуючы на ролю рэгіянальных лідараў, прадаўжаюць нагнятаць абстаноўку вакол Беларусі. "Вы ведаеце гэта добра: дзеянні НАТА і асабліва падзеі на паўднёвым флангу, Украіна. Пры гэтым нарастае дэструктыўная рыторыка еўрапейскіх краін адносна Беларусі. Што сведчыць аб няспынных спробах расхістаць унутрыпалітычную сітуацыю ў нашай краіне", - заявіў кіраўнік дзяржавы.
"Яшчэ раз хачу падкрэсліць: нам самазаспакойвацца ні ў якім разе нельга. Нібыта спакойна, людзі зразумелі, многае пераацанілі. Многія з тых, хто думаў інакш у 2020 годзе і раней, думаюць сёння зусім па-іншаму. Таму нібыта спакойна і добра. Ні ў якім разе нельга расслабляцца. Не трэба думаць, што мы разумныя і бога за бараду ўзялі, а ўсе навокал нас, асабліва ў НАТА, у Амерыцы, дурні. Не, гэта вопытныя людзі з велізарнай сілай, таму нам расслабляцца нельга, - заклікаў беларускі лідар. - Мы павінны працаваць са сваім народам, пераконваць, паказваць, а галоўнае, працаваць так, каб людзям было лепш. Тады яны заўсёды будуць такую ўладу падтрымліваць. Таму будзем у гэтым напрамку працаваць".
/Будзе дапоўнена/.-0-