
20 красавіка, Талачын /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, наведваючы ў свята Вялікадня храм у Талачыне, расказаў аб планах па стварэнні ў краіне цэнтраў прыцягнення ўсіх канфесій, а ў Мінску - Музея гісторыі сусветных рэлігій, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўжо ў бягучым годзе кожная з асноўных канфесій, прысутных у Беларусі, павінна пачаць ствараць свае цэнтры прыцягнення. Напрыклад, для праваслаўя такім цэнтрам стане Жыровіцкі манастыр - жамчужына беларускага праваслаўя, як сказаў пра яго Аляксандр Лукашэнка. А для католікаў адным з найбольш значных цэнтраў з'яўляецца Будслаўскі касцёл, дзе знаходзіцца важнейшая святыня - Будслаўскі абраз Божай Маці.
"Мы ў краіне дамовіліся, што ў бягучым годзе мы пачнём працэс стварэння цэнтраў асноўных рэлігій у Беларусі. Самая вялікая наша канфесія - гэта праваслаўе, больш за 85 працэнтаў (насельніцтва. - Заўвага БЕЛТА), якія адносяць сябе да праваслаўя. Другая па значнасці - гэта католікі, з якімі мы сёння святкуем гэта свята, - сказаў Прэзідэнт. - Кожная канфесія ў бягучым годзе павінна пачаць ствараць цэнтры, свае цэнтры".
Аляксандр Лукашэнка таксама расказаў аб планах па стварэнні ў Мінску Музея гісторыі сусветных рэлігій. "Таксама мы створым Музей гісторыі сусветных рэлігій у Мінску, каб наша моладзь ведала, што такое рэлігія і адкуль карані гэтых рэлігій - і хрысціян, праваслаўных і католікаў, і мусульман, іўдзеяў і гэтак далей. У гэты цэнтр любы зможа прыйсці і паглядзець, адкуль усе мы, адкуль наша духоўнасць", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт згадаў і яшчэ некалькі важных аб'ектаў - так званую беларускую ВДНГ, дзе будуць прадстаўлены айчынныя дасягненні ў розных сферах, і Нацыянальны гістарычны музей, прысвечаны гісторыі беларускай дзяржаўнасці.
"Канчаткова да 9 мая гэты цэнтр (Мінскі міжнародны выставачны цэнтр. - Заўвага БЕЛТА) будзе адкрыты для наведвання ўсіх нашых беларусаў, каб яны, асабліва моладзь, прыйшоўшы туды, захапіліся і адзін у аднаго спыталі: "Няўжо мы ўсё гэта можам вырабляць? Няўжо мы гэта сваімі рукамі зрабілі?" - сказаў Прэзідэнт.-0-
