Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
14 мая 2021, 13:26

Лукашэнка амаль паўтары гадзіны хадзіў па фермерскім рынку пад Мінскам

14 мая, Мінскі раён /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка амаль паўтары гадзіны хадзіў па фермерскім рынку пад Мінскам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Гэты гандлёвы аб'ект ствараўся па асабістым даручэнні беларускага лідара, каб людзі маглі прыехаць і ў зручным месцы выгадна прадаць свае тавары. Цяпер настаў час паглядзець, як усё працуе, і даць неабходныя дадатковыя даручэнні.

Пасля абмеркавання адпаведных пытанняў у асяроддзі чыноўнікаў і ўладальнікаў гандлёвага цэнтра, дзе размясціўся рынак, Аляксандр Лукашэнка прайшоў па гандлёвых радах, уважліва азнаёміўся з асартыментам прадукцыі, шчыра паразмаўляў з фермерамі, кіраўніцтвам кампаній, якія займаюцца вытворчасцю і продажам прадуктаў харчавання. Гэта і сыры па старадаўніх беларускіх і лепшых еўрапейскіх рэцэптах, лекавыя травы і зборы, фітачаі, свежая зеляніна, выпечка, салодкія ласункі, мёд, разнастайная свойская каўбасная і мясная прадукцыя і шмат іншага.

Размаўлялі аб тым, як развіваюцца людскія гаспадаркі, наколькі прадукцыя карыстаецца попытам, ці задавольваюць умовы, што яшчэ трэба зрабіць для развіцця прыватнай ініцыятывы ў вёсцы. Адзін з прадаўцоў лекавых траў даволі доўга літаральна не адпускаў Прэзідэнта, забяспечыўшы яго некалькімі карыснымі рэцэптамі і з захапленнем расказаўшы пра сваю справу. Прадэгуставаў Аляксандр Лукашэнка і новую прадукцыю агракамбіната "Дзяржынскі".

Не абышлося і без карысных пакупак. Сярод іх травы, мясная прадукцыя і нават інгрэдыенты для гатавання плову па рэцэптах з краін Сярэдняй Азіі, якімі з Прэзідэнтам у свой час падзяліліся яго калегі. А штосьці кіраўніку дзяржавы проста падарылі фермеры ў знак асаблівай павагі і з запрашэннем пабываць у іх гаспадарках.

Усяго Аляксандр Лукашэнка хадзіў па рынку амаль паўтары гадзіны. Цікава, што ў гэты час гандлёвы цэнтр працаваў у звычайным рэжыме. Наведвальнікаў ніхто не абмяжоўваў, і яны маглі спакойна зрабіць жаданыя пакупкі. Для многіх стала прыемным сюрпрызам убачыць каля суседняга прылаўка кіраўніка дзяржавы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі