Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
05 снежня 2019, 12:25

Лукашэнка ахарактарызаваў новы склад парламента і праведзеныя выбары

5 снежня, Мінск /Кацярына Крышэнік - БЕЛТА/. Парламенцкія выбары прайшлі ў адкрытай канкурэнтнай барацьбе, пры вялікай колькасці прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час звароту да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу шостага і сёмага скліканняў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Чарговыя парламенцкія выбары прайшлі ў адкрытай канкурэнтнай барацьбе. Прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат было нават больш, чым у папярэднюю кампанію", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён асабліва падзякаваў за работу ўсім членам участковых выбарчых камісій. "Гэта больш як 60 тыс. чалавек - беларусаў з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, якія бескарысліва і сумленна выканалі сваю работу пад пільнай увагай шматлікіх міжнародных наглядальнікаў. Іх была рэкордная колькасць. Мы не адмовілі нікому. Прынялі ўсіх жадаючых", - адзначыў беларускі лідар.

"Зроблены беларусамі выбар чарговы раз паказаў стабільнасць нашага грамадства, яго прыхільнасць да традыцыйных каштоўнасцей і імкненне да мірнай стваральнай працы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён павіншаваў нававыбраных парламентарыяў з паспяховай здачай аднаго з самых адказных экзаменаў у іх жыцці і адзначыў характэрныя рысы новага складу парламента. У яго ўвайшлі вопытныя кіраўнікі і тыя, хто ведае жыццё і вытворчасць знутры: работнікі аграпрамысловага комплексу і прамысловасці, таленавітыя выкладчыкі, урачы, юрысты, суддзі, сілавікі, яркія прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, моладзі і СМІ. "Заахвочваючы імкненне маладых грамадзян удзельнічаць у палітычным жыцці краіны, мы сёння ўмацоўваем будучыню нашай суверэннай дзяржавы", - перакананы Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу на прыкметную прысутнасць жанчын у складзе новага парламента. "Гэта нядзіўна: жанчыны ў нас актыўныя, а галоўнае, самыя адказныя. Яны гатовы займацца палітыкай, нягледзячы на груз штодзённых клопатаў аб доме, сям'і, дзецях, іх здароўі, адукацыі і выхаванні. Адпаведна, яны бліжэй за ўсіх да разумення самых актуальных сацыяльных пытанняў, з якімі трэба будзе працаваць у бліжэйшы час", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"У цэлым у выбраным парламенце прадстаўлены і адлюстраваны інтарэсы ўсіх слаёў насельніцтва. Перакананы: гэта дасць магчымасць паспяхова вырашаць усе пастаўленыя перад вамі задачы і апраўдае чаканні нашых выбаршчыкаў", - рэзюмаваў Прэзідэнт.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі