Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
09 студзеня 2024, 18:50

Лукашэнка адзначыў уклад БЕЛТА ў захаванне гістарычнай памяці і ўручыў спецпрэмію

9 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі ўручэння прэміі Прэзідэнта "За духоўнае адраджэнне", спецыяльных прэмій дзеячам культуры і мастацтва і "Беларускі спартыўны Алімп" адзначыў уклад Беларускага тэлеграфнага агенцтва ў захаванне гістарычнай памяці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Беларускае тэлеграфнае агенцтва, Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія і Генеральная пракуратура ўдастоены спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва за значны ўклад у захаванне гістарычнай памяці і праўды аб Вялікай Айчыннай вайне і рэалізацыю праектаў "Апошнія сведкі", "Генацыд. Без права на жыццё".

Дыплом лаўрэата спецпрэміі Аляксандр Лукашэнка ўручыў генеральнаму дырэктару БЕЛТА Ірыне Акуловіч і вядучаму мастацкаму рэдактару Ірыне Буфетавай.

"Для нас відавочна: мір - гэта найважнейшая каштоўнасць для любога народа, асабліва беларускага. Таму што мы ведаем яго цану. Праекты "Апошнія сведкі", "Генацыд без права на жыццё" - гэта даніна памяці нявінным ахвярам і героям Вялікай Айчыннай вайны. Сёння мы дзякуем аўтарскаму калектыву нашай пракуратуры, Беларускага тэлеграфнага агенцтва, Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі, якія прапусцілі праз сябе ўвесь боль і пакуты людзей вайны. Гэтыя фільмы - хроніка страшэнных злачынстваў, якія мы не дазволім забыць сабе і тым, хто нясе за іх гістарычную адказнасць. Наша памяць - гарантыя міру ў будучым. Як я ўжо гаварыў, забудзем дарогу да храмаў і помнікаў той вайны - чакайце вайны", - падкрэсліў у час цырымоніі Аляксандр Лукашэнка.


Кніга "Апошнія сведкі" - гэта сумесны творчы праект БЕЛТА і Генеральнай пракуратуры. У выданне ўвайшлі гісторыі малалетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў, запісаныя следчымі ў час расследавання Генпракуратурай крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа. Матэрыялы журналістаў, якія цэлы год публікаваліся на рэсурсах БЕЛТА, ляглі ў аснову кнігі, прымеркаванай да Года гістарычнай памяці.
 
"Трэба разумець, што гэта не проста кніга. Праект пачынаўся з матэрыялаў, якія выходзілі ў газеце "7 дней". І ўся рэдакцыя вельмі цесна працавала над гэтым праектам: на працягу года былі апублікаваны 22 матэрыялы пра людзей, якія перажылі жахі вайны", - расказала генеральны дырэктар БЕЛТА Ірына Акуловіч.
 
Журналістам давялося апрацаваць велізарны масіў інфармацыі - тысячы і тысячы сведчанняў аб жахлівых падзеях і злачынствах. Карэспандэнты сустракаліся з вязнямі канцлагераў, прапускаючы праз сваё сэрца іх трагедыю, боль і надзею. Гэтыя гісторыі ляглі ў аснову цыкла дакументальных расказаў - трагічных і цяжкіх, але ў той жа час вельмі чуллівых і цёплых. Затым апублікаваныя матэрыялы ўвайшлі ў інтэрнет-праект "За пячаццю памяці".

"Пасля мы звярнуліся з прапановай да Генеральнай пракуратуры выдаць кнігу, каб усе гэтыя гісторыі захаваліся на паперы. Мы выпусцілі паўтары тысячы экзэмпляраў - яны адразу разышліся, і нам нават давялося іх дадрукоўваць, - адзначыла Ірына Акуловіч. - Гэта вельмі важная работа неабходна кожнаму з нас, таму што ў генах кожнага беларуса ёсць боль ад гэтай вайны: многія страцілі блізкіх і родных, у кожнай сям'і ёсць свае трагічныя гісторыі. Нам трэба захоўваць гэту памяць і перадаваць яе наступным пакаленням. Гэту работу мы, вядома, будзем працягваць - у іншых кнігах, у іншых праектах, але з такой жа цеплынёй і болем".
 
Успаміны вязняў канцлагераў не могуць пакінуць абыякавымі. Але больш за ўсё, прызналася гендырэктар БЕЛТА, яе ўразіла гісторыя жыхаркі Барысава Эміліі Капыток. Яна, тады 10-гадовая рыжавалосая дзяўчынка, якую бацькі з любоўю звалі Вавёрачкай, прайшла шэсць канцлагераў. І выжыла!


"Калі дзіця бачыць ванны з чалавечым тлушчам, з якога робяць мыла, калі на яго вачах забіваюць маленькіх дзяцей і маці - такія рэчы без болю чытаць немагчыма", - падкрэсліла Ірына Акуловіч.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі