Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
04 лютага 2021, 11:13

Лукашэнка адзначыў сур'ёзны прагрэс у развіцці супрацоўніцтва з Узбекістанам

4 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў сур'ёзны прагрэс у развіцці супрацоўніцтва з Узбекістанам. На гэтым кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу сёння на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Узбекістана ў Беларусі Насірджанам Юсупавым з нагоды завяршэння яго дыпламатычнай місіі ў нашай краіне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў вялікі ўклад дыпламата ў развіццё сувязей дзвюх краін. "Я хачу падзякаваць вам за ўсё, што вы зрабілі на пасадзе пасла вельмі блізкай, дружалюбнай нам краіны", - сказаў ён. Кіраўнік дзяржавы пажадаў паслу моцнага здароўя і далейшых поспехаў у рабоце на карысць Узбекістана.

"Усё, што сёння зроблена паміж нашымі краінамі, значны прагрэс у развіцці адносін звязана перш за ўсё з маім добрым сябрам Шаўкатам Мірамонавічам (Мірзіёевым - Прэзідэнтам Узбекістана. - Заўвага БЕЛТА). Гэта чалавек, я ўпэўнены (не таму што ён мой сябар), якога Узбекістан будзе абагаўляць, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Тое, што ён пачаў рабіць пасля пэўнага перыяду развіцця незалежнага Узбекістана, заўтра будзе бачна ў станоўчым ключы".

"Я нават пабойваюся часам, калі пачынаю з ім размаўляць аб планах Узбекістана, - ці не вельмі рэзка ён узяўся за ўсё. Але пакуль усё атрымліваецца. Магчыма, вынікі не такія хуткія будуць, таму што ў свеце жорсткая канкурэнцыя, свет, вы бачыце, наогул ашалеў. Асабліва на фоне пандэміі і іншых падзей. Гэта ж не можа не ўплываць на Узбекістан, які перажыў няпросты перыяд у сваім развіцці станаўлення незалежнасці. Таму нельга чакаць вынікаў вось адразу сёння. Але яны будуць бачныя, і гэта дзякуючы яму. Ён малайчына, па ўсіх напрамках пачаў працаваць. Як ён гаварыў, выйсця іншага няма, трэба хутка пераадолець тое, што было ўпушчана", - перакананы Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што на фоне цяперашняй канкурэнцыі ў свеце такая краіна, як Узбекістан, з 35-мільённым насельніцтвам, якая мае ў тым ліку рэлігійныя праблемы, не можа быць па-за полем зроку іншых дзяржаў, уладных людзей. "Пакуль, магчыма, на далёкіх подступах, але потым усё бліжэй краіна будзе сутыкацца з гэтымі праблемамі. Але я ўпэўнены, што са сваім прэзідэнтам вы з праблемамі справіцеся", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы выказаў надзею, што, завяршыўшы сваю місію ў Беларусі, Насірджан Юсупаў прынясе вялікую карысць на іншых пасадах, а таксама будзе садзейнічаць развіццю адносін з Беларуссю.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі