
20 красавіка, Талачын /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання храма ў Талачыне адзначыў сімвалізм таго, што свята Вялікадня ў бягучым годзе супала ў праваслаўных і католікаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што Беларусь - гэта краіна адзінства, справядлівасці і ўзаемадапамогі.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яму асабліва прыемна ў гэта светлае свята бачыць усіх прысутных з усмешкамі, у добрым настроі. "Перш за ўсё хачу вас павіншаваць і павітаць у гэта светлае добрае свята. Хрыстос уваскрэс!" - сказаў кіраўнік дзяржавы. "Сапраўды ўваскрэс!" - адказалі прыхаджане.
"Колькі ні бываю ў нашых храмах, заўсёды гэты дзень адзначаюць як асаблівы, - прадоўжыў Прэзідэнт. - Якія б ні былі складаныя, цяжкія часы (а ў нашай гісторыі яны былі рознымі), мы заўсёды з вялікім натхненнем, вялікім жаданнем чакалі і чакаем гэта светлае добрае свята Уваскрэсення Хрыста, наш Вялікдзень".
Для беларусаў Вялікдзень знаходзіцца нараўне з такімі значнымі свецкімі святамі, як Дзень Перамогі і Дзень Незалежнасці, заўважыў Аляксандр Лукашэнка. А ў бягучым годзе яшчэ так супала, што Вялікдзень адзначаецца ў адзін дзень прадстаўнікамі некалькіх канфесій, і таму ўспрымаецца па-асабліваму. "Так супала, і гэта вельмі сімвалічна для нас, таму што наша краіна - гэта краіна адзінства, справядлівасці і ўзаемаразумення, узаемадапамогі", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.-0-
