Сцяг Субота, 27 ліпеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
24 мая 2024, 17:29

Лукашэнка адзначыў прыкметны ўздым у беларуска-расійскіх адносінах

24 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Апошнім часам у беларуска-расійскіх адносінах адзначаецца прыкметны ўздым. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў журналістам па выніках перагавораў з расійскім калегам Уладзімірам Пуціным, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы правялі плённыя перагаворы і ў вузкім, і ў пашыраным складах. Удзячны Прэзідэнту Расіі за тое, што ў сваім вельмі шчыльным графіку ён знайшоў час наведаць Беларусь з афіцыйным візітам. Гэта добры сігнал. І не толькі сігнал", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, бакі дэталёва абмеркавалі вялікі пералік пытанняў беларуска-расійскага супрацоўніцтва, перш за ўсё ў эканамічнай сферы. "Вы, напэўна, заўважылі, што апошнім часам мы вельмі-вельмі шмат часу аддалі абмеркаванню пытанняў бяспекі і абароны. Сёння прысвяцілі час у асноўным эканамічным праблемам", - адзначыў Прэзідэнт.

"Апошнім часам у беларуска-расійскіх адносінах адзначаецца прыкметны ўздым. Узровень узаемадзеяння і даверу паміж нашымі краінамі ва ўсіх сферах сапраўды беспрэцэдэнтны, - падкрэсліў беларускі лідар. - Мы можам упэўнена канстатаваць, што эканомікі Беларусі і Расіі дынамічна развіваюцца, нягледзячы на розныя перашкоды".

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь нацэлена на далейшае развіццё атамнай галіны на аснове расійскіх тэхналогій. У час перагавораў прэзідэнты падрабязна разгледзелі і пытанні прамысловай кааперацыі, развіцця машына- і станкабудавання, мікраэлектронікі. "У першую чаргу з пункту гледжання нарошчвання імпартазамяшчальных вытворчасцей, якія даюць магчымасць забяспечваць нашу імпартанезалежнасць, тэхналагічны суверэнітэт. У канчатковым выніку гэта ж бяспека нашых дзяржаў. Упэўнены ў захаванні пераемнасці ў рабоце новага ўрада Расіі на беларускім напрамку", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Значную ўвагу бакі таксама ўдзялілі развіццю транспартна-лагістычнай сферы. "Тут мы сыходзімся ў меркаванні, што ў гэтай вельмі перспектыўнай галіне патрэбны сур'ёзныя дадатковыя інвестыцыі", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"У апошнія гады мы па-новаму паглядзелі на рэгіянальнае супрацоўніцтва і па заслугах ацанілі яго патэнцыял. Беларусь і яе рэгіёны сёння без перабольшання супрацоўнічаюць практычна з усімі суб'ектамі Расійскай Федэрацыі, расце экспарт прадукцыі", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў, што 27-28 чэрвеня ў Віцебску, Полацку і Наваполацку пройдзе XI Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. "Разлічваем, што вы прыедзеце на гэты форум. Ведаю, што будзе вельмі цікавы парадак дня", - дадаў Прэзідэнт.

Падводзячы вынікі перагавораў, Аляксандр Лукашэнка выказаў удзячнасць расійскаму калегу за "цёплую, брацкую размову, плённую і канструктыўную сустрэчу". Паводле яго слоў, па ўсіх тэмах бакі знайшлі ўзаемаразуменне і разлічваюць на далейшую ўзаемную ўсебаковую падтрымку.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі