Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
20 сакавіка 2023, 11:04

Лукашэнка адзначыў актывізацыю кантактаў з Калмыкіяй, але сапраўдны прарыў яшчэ наперадзе

20 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўніком Рэспублікі Калмыкія Бату Хасікавым адзначыў актывізацыю кантактаў з гэтым расійскім рэгіёнам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Павітаўшы госця, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што з вялікім задавальненнем сустракае кіраўніка расійскага рэгіёна ў Палацы Незалежнасці: "Дзякуй за тое, што вы прыязджаеце ў Беларусь, знаёміцеся з Беларуссю. Для нас гэта вельмі важна".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што, нягледзячы на адлегласць, якая аддзяляе Беларусь і Калмыкію, народы заўсёды былі блізкімі па духу, сумеснай гісторыі, выхаванні. "Нашы продкі разам абаранялі заваяванні Кастрычніка, атрымалі Вялікую Перамогу ў барацьбе з фашызмам, узнімалі з руін разбураную краіну, здзяйсняючы працоўныя подзвігі. Мы выхаваны мірна ствараць, а не ламаць, - заявіў беларускі лідар. - Гэта нас аб'ядноўвае, робіць мацнейшымі перад усялякімі цяжкасцямі".

Што датычыцца кантактаў з Калмыкіяй, то яны, паводле слоў Прэзідэнта, набываюць усё больш актыўны характар. Дадатковы імпульс гэтаму надаў абмен візітамі дэлегацый у верасні 2022 года, праведзеныя сустрэчы і перагаворы. "Але ўпэўнены, што сапраўдны эканамічны прарыў у нас наперадзе, - сказаў беларускі лідар. - Гаворачы мовай спартсменаў, наш цяперашні тавараабарот - гэта нават не першая спроба, а наогул размінка перад гэтай першай спробай".

"Для вашага рэгіёна ў нас вельмі шмат прадукцыі - ад машынабудавання да будаўніцтва, ІТ, фармацэўтыкі і высокатэхналагічнага транспарту, - прадоўжыў беларускі лідар. - У сённяшніх умовах па суадносінах цана - якасць гэта нармальны для нас з вамі прадукт. Наша прадукцыя даўно карыстаецца попытам у многіх рэгіёнах Расіі. Упэўнены, і вашым грамадзянам яна добра знаёмая".

Разам з тым у разуменні беларускага боку наспела неабходнасць пераходу ад разавых гандлёвых здзелак да доўгатэрміновых кантрактаў, стварэння рамонтнай базы і складоў запасных частак, умацавання вытворчай кааперацыі, падкрэсліў Прэзідэнт.

Акрамя паставак сельскагаспадарчай, грузавой тэхнікі, пасажырскага транспарту Аляксандр Лукашэнка параіў кіраўніку Калмыкіі звярнуць увагу на вопыт і напрацоўкі Беларусі ў аграпрамысловым комплексе, перапрацоўчай прамысловасці. Тым больш у Калмыкіі, як і шэрагу іншых рэгіёнаў Расіі, стартавала маштабная праграма будаўніцтва, і ў Беларусі ёсць усё для гэтай галіны: кампетэнцыі, тэхніка, абсталяванне, матэрыялы, а таксама вопыт узвядзення розных аб'ектаў у рэгіёнах Расіі. Ёсць патэнцыял супрацоўніцтва таксама ў сферах адукацыі, спорту, турызму, медыцынскіх паслуг, культурных абменаў, і Беларусь гатова ў самыя кароткія тэрміны разгледзець прапановы па гэтых напрамках.

"Думаю, што вам, як прафесійнаму спартсмену, будуць цікавыя нашы спартыўная інфраструктура, вопыт у падрыхтоўцы атлетаў па многіх дысцыплінах, арганізацыі фізічнага выхавання моладзі. У нас у краіне створаны для гэтага ўсе ўмовы", - звярнуў увагу Прэзідэнт. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да асабістага вопыту Бату Хасікава, які на прафесійным узроўні займаўся кікбоксінгам, з'яўляецца шматразовым чэмпіёнам свету ў гэтым відзе спорту. "Ваш вопыт проста неверагоднае значэнне мае для нас, беларусаў, вельмі вялікае значэнне. Калі вы нам дапаможаце, мы вам будзем удзячныя", - сказаў ён. Тым больш кіраўнік Калмыкіі ў мінулым месяцы асабіста пабываў на "Мінск-Арэне", лядовай пляцоўцы "Алімпік-Парк" і змог пераканацца, што ў Беларусі ёсць усе ўмовы для заняткаў фізкультурай і спортам на дастойным узроўні.

"Заўсёды рады прыняць міжнародныя спаборніцтвы самага высокага ўзроўню, а таксама асобныя зборы расійскіх каманд. Дзякуй богу (не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло), мы з расіянамі, спартсменамі пачалі бліжэй трэніравацца, спаборнічаць па многіх відах спорту. Думаю, у гэтым годзе мы дасягнём самага высокага ўзроўню ў арганізацыі гэтых мерапрыемстваў. І суседзяў будзем пакрыху падцягваць да сябе, а таксама прадстаўнікоў Азіі, афрыканскіх дзяржаў. Калі з еўрапейцаў нехта захоча або лацінаамерыканцаў - калі ласка, мы з расіянамі заўсёды для спартсменаў адкрытыя", - дадаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў зацікаўленасць Беларусі ў арганізацыі рэйса па маршруце Эліста - Мінск сіламі расійскіх авіяперавозчыкаў. "Беларускі бок у рамках гэтага праекта гатовы абмяркоўваць прадастаўленне эксклюзіўных прэферэнцый для расійскіх авіякампаній у нашым нацыянальным аэрапорце", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

"Інтарэс, я так разумею, павінен быць у вас да Беларусі вялікі. Мы гатовы на гэта адказваць у тым плане і ў тым аб'ёме, як гэта трэба будзе для вас. Дзверы для вас, як і для ўсіх расіян, у нас адкрыты. Глядзіце, бярыце ўсё, што трэба, з нашага вопыту для вас. Трэба дапамагчы на месцы - мы з задавальненнем прыедзем і будзем аказваць адпаведную дапамогу і вучыцца ў вас таму, чаго няма ў нас", - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.-Э-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі