Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
20 лютага 2024, 16:36

Лукашэнка адрэагаваў на ўкід аб вакцыне для Прэзідэнта і пацвердзіў, што не прышчэпліваўся

20 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 20 лютага на пашыранай нарадзе з кіруючым складам дзяржаўных органаў сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі адрэагаваў на інфармацыйны ўкід аб нібыта існаваўшым запасе вакцын ад каранавіруса для кіраўніка дзяржавы ў час пандэміі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Я сёння прачытаў абсурдную рэч: аказваецца, у час пандэміі для Прэзідэнта Беларусі быў сфарміраваны нейкі там запас вакцын, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Але я наогул не вакцынаваўся. Я не вакцынаваўся, і маю пазіцыю вы ведаеце ў сувязі з гэтай пандэміяй". Тым не менш такі інфармацыйны ўкід быў ажыццёўлены, прычым са спасылкай на нейкія размовы ўрачоў, якія абмяркоўвалі, дзе схаваць вакцыну. "І на што спасылаюцца? Што кіберпартызаны або нехта там узламалі нейкі акаўнт, сайт або сервер", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Абсурднасць сітуацыі яшчэ і ў тым, што пытанні, якія датычацца вакцын або якіх-небудзь лякарстваў для кіраўніка дзяржавы, не ўваходзяць у кампетэнцыю звычайных медыкаў. "Якія ўрачы будуць абмяркоўваць лякарствы, вакцыны для Прэзідэнта? Начальнік Службы бяспекі - адзіны чалавек, які можа ведаць гэту інфармацыю. Але ён упершыню чуе тое, аб чым я сказаў", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

"Яшчэ раз падкрэсліваю: я чалавек, які не вакцынаваўся, - дадаў ён. - Гэта не значыць, што так трэба рабіць, але так у мяне склалася".
 
Прэзідэнт падкрэсліў, што розныя інфармацыйныя ўкіды і кібератакі будуць прадаўжацца і іх нельга пакідаць без увагі: "Пастаянна будуць падточваць нашых людзей, улазіць у іх мазгі. Трэба ўмець на гэта рэагаваць. Мы гэта ўмеем рабіць. Нешта робім. Але пакуль слаба, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Трэба правільна своечасова на гэта рэагаваць. Разумна рэагаваць".-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі