Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
30 кастрычніка 2020, 16:13

Лукашэнка адрэагаваў на разважанні аб канцы палітычнай кар'еры Прэзідэнта: "Ды не дачакаецеся"

30 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка адрэагаваў на разважанні аб канцы палітычнай кар'еры Прэзідэнта. Адпаведную заяву ён зрабіў сёння ў час сустрэчы з калектывам МУС, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Прэзідэнт ніколі не бег і бегчы не збіраецца. Я пражыў дастаткова ў гэтым жыцці", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка, у прыватнасці, адрэагаваў на некаторыя разважанні аб канцы палітычнай кар'еры Прэзідэнта. "Ды не дачакаецеся! Гэта не значыць, што я буду пасінелымі пальцамі трымацца за гэта крэсла. Не. Палітыка - гэта не толькі Прэзідэнт. Мы з вамі рана ці позна пойдзем з гэтых пасад, але мы не адыдзем ад захавання таго, што мы цяпер збераглі, - сказаў ён. - Таму калі вы паклічаце мяне да сябе, калі мы нібыта з вамі будзем на пенсіі, мы яшчэ паслужым гэтай дзяржаве і народу. І калі новы прэзідэнт, генералы, прыйшоўшы пасля нас, захочуць парады і дапамогі, падтрымкі, мы ім акажам. Вось і ўся мая палітыка".

"Але калі нехта думае, што я цяпер сабраўся і збег... Слухайце, былі сітуацыі, можа, калі нехта і дрыжаў. Але вось генералы сядзяць, якія пастаянна са мной сутыкаліся, бачылі, што ў мяне нават волас не задрыжаў. Слухайце, у нас было і паскладаней, у нас палілі на вуліцах аўтамабілі, анархісты і падонкі з усяго свету прыязджалі ў сярэдзіне 90-х, гэтыя кадры ёсць. Штурмам спрабавалі ўзяць Дом урада, разбівалі палаткі на Кастрычніцкай плошчы. Да гэтага часу помню, як было. Мы гэта ўсё перажылі", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Параўноўваючы сітуацыю тады і цяпер, Прэзідэнт звярнуў увагу: "Розніца цяперашняга моманту з тым толькі ў тым, што ёсць шалёная знешняя падтрымка. Тады яна таксама была, але толькі штуршок давалі. А цяпер яны кормяць, кормяць, кормяць гэтых ... і ўчынілі нам каляровую рэвалюцыю, з'явіліся гэтыя Telegram-каналы, таму яна расцягнулася".

"Вы павінны разумець, што сітуацыя ў нас была няпростая: парламенцкія выбары, праз кавід мы перайшлі ў прэзідэнцкія выбары. Гэта наогул была шалёная абстаноўка, - расказаў Аляксандр Лукашэнка. - У лячэнні кавіду мы ўзялі асаблівы курс, які цяпер ва ўсім свеце падтрымліваецца. Але мы ж аб гэтым не ведалі (тады. - Заўвага БЕЛТА). Усё было сканцэнтравана на лячэнні людзей". У такой абстаноўцы, як прызнаў Прэзідэнт, магчыма, былі ўпушчаны асобныя аспекты развіцця грамадска-палітычнай сітуацыі. "Мы былі адцягнуты на гэта і ўпусцілі. А потым і мяне падкасіла ў прэзідэнцкія выбары. Вядома, мы сёе-тое ўпусцілі. Але гэта нас не апраўдвае. Таму сёння даводзіцца рабіць высновы і атрымліваць урокі з дапушчаных памылак", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі