Фота з архіва
6 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы трэба быць вельмі акуратнай і карэктнай у рабоце з Арменіяй. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 6 красавіка на сустрэчы з генеральным сакратаром АДКБ Таалатбекам Масадыкавым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што разам з пэўнымі дасягненнямі ў АДКБ ёсць і праблемныя пытанні, аб чым Аляксандр Лукашэнка не раз адкрыта гаварыў у тым ліку на міжнародных сустрэчах і мерапрыемствах. Адным з такіх пытанняў, якія патрабуюць асаблівай увагі, Прэзідэнт назваў узаемаадносіны з Арменіяй.
"Нам трэба быць больш карэктнымі і акуратнымі ў рабоце з Арменіяй. Вы ведаеце, што Арменія нібыта і не падтрымлівае работу ў АДКБ, але ў той жа час застаецца ў Арганізацыі, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Трэба быць вельмі карэктнымі. У Арменіі складаная сітуацыя ў гэтым плане, асабліва ў электаральны перыяд (летам павінны прайсці парламенцкія выбары. - Заўвага БЕЛТА). Вельмі няпростая сітуацыя. Таму нам трэба быць вельмі акуратнымі і асцярожнымі ў адносінах з Арменіяй".
У гэтым плане Аляксандр Лукашэнка лічыць важным арганізацыю сустрэч на ўзроўні генеральнага сакратара АДКБ і кіраўніцтва Арменіі. "Асабліва цяпер, у гэты востры электаральны перыяд, калі кіраўніцтва Арменіі будзе адкрыта і сумленна гаварыць пра сітуацыю, у тым ліку і на трэку АДКБ", - заўважыў беларускі лідар.
"Калі б вы пабывалі там і пагаварылі і з прэм'ер-міністрам, і з Прэзідэнтам, з сакратаром Савета бяспекі Арменіі, даведаліся аб іх пазіцыі на будучае, было б нядрэнна", - дадаў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да Таалатбека Масадыкава.-0-
