Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
29 мая 2020, 18:31

Лукашэнка адказаў на пытанне аб сваіх магчымых сімпатыях да патэнцыяльных кандыдатаў на выбарах

29 мая, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння ў час сустрэчы з работнікамі Мінскага трактарнага завода адказаў на пытанне аб сваіх магчымых сімпатыях да патэнцыяльных кандыдатаў на выбарах, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў цэлым пакуль мала ведае людзей, якія вылучыліся. "За выключэннем свайго былога памочніка. Ён, праўда, хітры. Не кажа, чаму яго Прэзідэнт звольніў. Але гэта вы ў яго спытайце - чаму я яго звольніў. Няхай сумленна раскажа. І яму потым не захочацца ісці на выбары. Але ён сумленна не скажа. Трэба - скажам, але мы не хочам займацца гэтым кампраматам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў тое, як арганізаваны працэс збору подпісаў у патэнцыяльных кандыдатаў - жанчын: "Яны ціха, спакойна збіраюць гэтыя подпісы. Нядаўна пацікавіўся - гэтыя жанчыны сабралі больш подпісаў, чым усе мужыкі, якія ў інтэрнэце піярацца".

"Мужыкі там шуміху ўзнялі, недзе нехта ходзіць, крычыць. Нядаўна мне прэс-сакратар далажыла: міліцыянера абразіў (удзельнік пікета. - Заўвага БЕЛТА), калі яму зрабіў заўвагу. Яны прыязджаюць крутыя, на джыпах усе - па 10-12 машын. У чужы горад прыехалі, выстраіліся і пайшлі па плошчах, вуліцах...", - заўважыў Прэзідэнт.

"На гэтага хлопца (супрацоўніка міліцыі. - Заўвага БЕЛТА) наваліліся. Ён, напэўна, толькі ў гэтым годзе прыйшоў на працу, нечае ж дзіця. Што ты на яго накатваеш. І потым, рызыкоўныя людзі, я на іх месцы з міліцыяй асцярожней быў бы. Гэта ж карпаратыўны народ. Знойдзе магчымасць - так адкажа. Мне ўжо нялёгка даводзіцца, стрымліваючы іх. Нарываюцца. Правакацыя - гэта лепшая рэклама. Яны гэта так разумеюць", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка сёння звярнуў увагу на артыкул у расійскім выданні "Коммерсант". "Гэта, здаецца, незалежная газета ў Расіі. Але мы ведаем, хто яе фінансуе... Нібыта інтэрв'ю бярэ ў аднаго шалудзівага, інакш не назавеш, які тут ходзіць, крычыць па Мінску больш, ды і ў іншых гарадах. Але мы ведаем, на чыіх машынах ён ездзіць, хто яго фінансуе. Мы ведаем, адкуль ён прыехаў, якое ў яго грамадзянства і іншае... Мы ўсё гэта ведаем. Ды я ўжо гляджу, мне даюць інфармацыю, ужо нашы людзі ўбачылі", - адзначыў Прэзідэнт.

"Гляджу на гэты артыкул. І ўжо вушы тарчаць у гэтага чалавека. Ён нават не кандыдат у прэзідэнты, за жонку там стараецца. Разумее ж, што за жонку ніхто не прагаласуе ў Беларусі. Вось я часта гавару: Наталля Іванаўна (старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. - Заўвага БЕЛТА), за цябе таксама не прагаласавалі б, хоць ты ўжо гатовы Прэзідэнт. У нас Канстытуцыя не пад жанчыну. І ў нас грамадства не гатова да таго, каб галасаваць за жанчыну. Таму што ў нас па Канстытуцыі Прэзідэнт мае вялікую ўладу, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - У нас Прэзідэнт - не Літва. Там Прэзідэнт, была Даля Грыбаўскайтэ, прыйшла, паўсміхалася, пасядзела і пайшла. Ні за што не адказвае, таму што там парламенцкая рэспубліка. У нас - не. Прэзідэнтам будзе мужчына, я ў гэтым абсалютна ўпэўнены".

"Вось "Коммерсант" выбухнуў артыкулам. Паспяшаліся, праўда. Паказалі, адкуль вушы тарчаць. Нават цэлыя рогі. Паспяшаліся падтрымаць. Зразумела, накат на Лукашэнку з ухілам на пандэмію (не так лечым)", - дадаў беларускі лідар.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі