ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Серада, 18 мая 2022
Мінск Суцэльная воблачнасць +11°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
29 кастрычніка 2021, 14:49

Лукашэнка адказаў на пытанне аб адмене падатковай ільготы для ўладальнікаў кватэр

Фота з архіва
Фота з архіва

29 кастрычніка, Добруш /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытанне аб адмене падатковай ільготы для ўладальнікаў кватэр. Яго кіраўніку дзяржавы задаў адзін з работнікаў Добрушскай папяровай фабрыкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На гэты час адпаведнае пытанне разглядаецца ва ўрадзе. Прэзідэнт растлумачыў, чаму ў цэлым удасканальваюцца тыя ці іншыя падатковыя нормы. Гэта звязана з тым, што прадстаўнікі бізнесу ў свой час скардзіліся на складанае падатковае заканадаўства. "І я даручыў ва ўрадзе, каб вярнуліся да гэтых пытанняў і зрабілі простае падатковае заканадаўства. Яно зусім простым не будзе. На тое і падаткі, і трэба быць эканамістам і бухгалтарам для таго, каб гэта ўсё вылічаць. Але там, дзе можна спрасціць, трэба спрасціць. Паглядзець іншыя напрамкі, недзе падшліфаваць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, у тым ліку абмяркоўвалася пытанне па падаткаабкладанні нерухомай маёмасці. "У вёсцы ў нас плацяць і за зямлю падатак, нерухомую маёмасць і іншае. А горад неяк застаўся ўбаку. Абмяркоўвалася і гэта пытанне. Я не ведаю, якія там стаўкі, але гэта будзе мізэрна", - адзначыў беларускі лідар.

Прэзідэнт прывёў яшчэ адзін довад, чаму ў краіне ўзяліся за падаткі: "Справа нават не ў справядлівасці. На канец года $2 млрд непрадбачаных расходаў, каб ратаваць людзей. У нас жа бясплатная вакцынацыя, бясплатнае лячэнне ад кавід. Я не хачу сказаць, што ў нас ідэальна ўсё, але ў параўнанні з іншымі, як аказалася, нядрэнна. Але гэта вялікія грошы".

Кіраўнік дзяржавы разам тым адзначыў, што, умоўна кажучы, калі на кожнага жыхара Беларусі сабраць па долары падатку, то гэта будзе толькі $9,5 млн. "Па вялікім рахунку гэта нішто, калі мы $2 млрд патрацім толькі на лячэнне, але за гэтыя $9,5 млн мы нешта можам купіць", - заўважыў ён.

Рэзюмуючы, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Ці будзе гэта наогул, гэта яшчэ пытанне. На мой узровень гэтыя пытанні не ўносіліся. Мы не ставім перад сабой мэту павялічыць падаткі. Яны ў нас і так высокія. У нас няма нафты і газу. Таму падаткаабкладальная база і падаткі значныя. Заўсёды паўстае пытанне, як іх зменшыць. Таму я не думаю, што гэта будуць нейкія вялікія падаткі, калі яны будуць наогул. Але пытанне такое разглядаецца".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі