ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Чацвер, 26 мая 2022
Мінск Пераменная воблачнасць +15°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
24 студзеня 2022, 12:21

Лукашэнка: абстаноўка на паўднёвых граніцах увесь час ускладняецца

Фота ДПК
Фота ДПК

24 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Абстаноўка на паўднёвых граніцах Беларусі ўвесь час ускладняецца. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння пры зацвярджэнні рашэння на ахову Дзяржаўнай граніцы органамі пагранічнай службы ў 2022 годзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Зразумела, бяспека нашай дзяржавы пачынаецца з граніцы, таму што ў рамках гэтых граніц забяспечваецца наш суверэнітэт. Асноўны ўклад у забеспячэнне суверэнітэту ў мірны перыяд і дзейсная работа забяспечваюцца пагранічнымі войскамі", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў 2021 годзе з-за наплыву бежанцаў і канцэнтрацыі войскаў суседніх краін уздоўж беларускіх граніц пагранічнікам давялося быць больш пільнымі, удзельнічаць у разведвальных мерапрыемствах разам з ваеннаслужачымі Узброеных Сіл і супрацоўнікамі Камітэта дзяржбяспекі. "Шмат цяпер размоў наконт нашых паўднёвых граніц. Абстаноўка ўвесь час ускладняецца. Пераводзяць стрэлкі на нашы сумесныя вучэнні з Расійскай Федэрацыяй", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

Як расказалі ў Дзяржпагранкамітэце, на рубяжах Беларусі захаваліся рызыкі і выклікі пагранічнай бяспецы. Яны звязаны з незаконнай міграцыяй, спробамі пранікнення ў краіну радыкальна настроеных асоб, мілітарызацыяй сумежных дзяржаў. Так, са жніўня мінулага года ў непасрэднай блізкасці ад беларускіх граніц сканцэнтравана групоўка сілавых ведамстваў краін ЕС і Украіны агульнай колькасцю каля 32 тыс. чалавек. Уздоўж граніцы прадаўжаецца ўзвядзенне стацыянарных інжынерных загарод, актыўна прымяняецца авіяцыя, вядзецца разведка.

"У 2021 годзе колькасць затрыманых парушальнікаў граніцы павялічылася на 23 працэнты. 65 асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці, не змаглі прадоўжыць запланаваны маршрут у Беларусь", - сказалі ў пагранічным ведамстве.

Пагранічныя органы прадаўжаюць работу па ўдасканаленні інфраструктуры граніцы і прыгранічнай тэрыторыі. На прыбалтыйскім напрамку ўзведзены дзясяткі кіламетраў новых рубяжоў аховы з пагранічнымі дарогамі, пастамі і кантрольна-следавой паласой. На беларуска-польскім участку заменена і мадэрнізавана частка сігналізацыйных комплексаў. Найбольшы аб'ём работ праведзены на ўкраінскім напрамку. Тут устаноўлены пасты тэхнічнага нагляду для дыстанцыйнага кантролю мясцовасці, уведзены ў эксплуатацыю сігналізацыйныя комплексы, абсталяваны новыя рубяжы аховы.

У 2022 годзе асноўныя намаганні ў ахове граніцы будуць сканцэнтраваны на ўчастках, дзе магчыма ўзнікненне новых знешніх выклікаў і пагроз пагранічнай бяспецы, асабліва на ўкраінскім напрамку, адзначылі ў Дзяржпагранкамітэце.

"Перад органамі пагранічнай службы стаяць дакладныя задачы. У ліку асноўных - павышэнне эфектыўнасці аховы дзяржаўнай граніцы шляхам удасканалення інжынернага і тэхнічнага абсталявання рубяжоў. Для выяўлення прыкмет падрыхтоўкі правакацый і аператыўнага прыняцця мер па іх спыненні будзе весціся пастаянны маніторынг абстаноўкі ў пагранічнай прасторы", - падкрэслілі ў ведамстве.

У планах таксама завяршэнне дэмаркацыі стыку граніц Беларусі, Польшчы і Украіны ў Брэсцкім раёне. "Органамі пагранічнай службы, у тым ліку ва ўзаемадзеянні з Міністэрствам абароны, прадоўжыцца планавае нарошчванне рэсурсаў, уключаючы мабілізацыйныя", - дадалі ў камітэце.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі