Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ

Апошнія навіны
Усе навіны

Лукашэнка абмеркаваў з Качанавай работу са зваротамі, падрыхтоўку Паслання і электаральных кампаній

Прэзідэнт 14.03.2019 | 13:28
У час сустрэчы
У час сустрэчы

14 сакавіка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў сёння з дакладам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Наталлю Качанаву, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што апошнім часам у ходзе мерапрыемстваў абмяркоўваліся самыя розныя тэмы, прымаліся рашэнні. У тым ліку па выніках "Вялікай размовы з Прэзідэнтам", пасяджэння Савета бяспекі, на якім абмяркоўваўся праект Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Беларусі, тэматычных нарад. "Па многіх пытаннях эканамічнага характару вызначыліся, інтэграцыйныя працэсы разглядалі - адносіны з Расіяй, Еўрасаюзам, у ЕАЭС, АДКБ і гэтак далей. Прыняты важныя рашэнні", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Усё, аб чым мы гаварылі, што абмяркоўвалі публічна і непублічна, павінна быць рэалізавана", - падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт, у прыватнасці, акцэнтаваў увагу на пытаннях ад людзей, што паступілі напярэдадні "Вялікай размовы". "Калі 3 тыс. пытанняў ад людзей паступіла напярэдадні маёй размовы з экспертнай супольнасцю, значыць 3 тыс. павінны быць разгледжаны. Недзе даручылі. Потым пераправерыць трэба ўсё роўна, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Мы не павінны паказаць людзям, што паслухалі іх і забылі. Мы павінны паказаць, што рэагуем на іх запатрабаванні. Я разумею, што людзі розныя. Тое, што самі павінны рабіць, яны часам скідваюць на ўладу. Такіх менш. Але ўсё роўна трэба адрэагаваць, каб ведаць, чым жывуць людзі. А там, дзе трэба, падключацца".

Аляксандр Лукашэнка таксама станоўча ацаніў той факт, што да адпаведных праблемных пытанняў ад грамадзян звяртаюцца і ў СМІ: "Тое, што на тэлебачанні (і ў падагульняючых праграмах) перыядычна звяртаюцца да гэтых пытанняў, пачынаючы ад патрэб людзей, будаўніцтва жылля і заканчваючы дарогамі, гэта правільна. Трэба ўзяць пад кантроль усе гэтыя пытанні і ўзварухнуць усю краіну, адрэагаваўшы на просьбы і запатрабаванні людзей. Пытанне катэгарычна важнае!"

Прэзідэнт пацікавіўся і ходам падрыхтоўкі маючага адбыцца Паслання беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, назваўшы гэта самай важнай падзеяй вясны. "Мы даволі глыбока ў тэме, нават да дробязей. Таму трэба прапаноўваць ужо варыянт, каб я мог працаваць далей над гэтым Пасланнем, не адкладаючы на доўгі час", - сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы згадаў і будучыя электаральныя кампаніі, падкрэсліўшы, што будучыя два гады не павінны ўвесці краіну ў нейкія ўзрушэнні, а самі выбары, і адны, і другія, павінны прайсці, як свята. "Але да гэтага трэба падрыхтавацца. У ЦВК няшмат чалавек. Таму гэта ляжа на плечы ўлады, а тут, наверсе, - Адміністрацыі Прэзідэнта. Урад на гэтыя пытанні адцягваць ні ў якім разе нельга. Няхай займаецца эканомікай. Гэта галоўнае. Не трэба гэтага ўтойваць, мы павінны рыхтавацца да выбараў і прэзідэнцкіх, і парламенцкіх", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Як расказала журналістам Наталля Качанава па выніках мерапрыемства, абмяркоўваліся пытанні і даручэнні кіраўніка дзяржавы, якія знаходзяцца на кантролі ў Адміністрацыі Прэзідэнта, у тым ліку звароты грамадзян, што паступілі напярэдадні "Вялікай размовы" і не толькі. "Усё гэта знаходзіцца ў нас на кантролі, адпрацоўваецца, і мы строга сочым за тэрмінамі выканання і, вядома, якасцю. Па меры выканання даручэнняў або вырашэння якіх-небудзь задач людзі будуць інфармаваны праз СМІ", - сказала кіраўнік Адміністрацыі.

Размова ішла і аб тых пытаннях, якія неабходна вырашаць у плане інфармацыйнай бяспекі. "Гэта нядаўна абмяркоўвалася на пасяджэнні Савета бяспекі. Таму мы далажылі аб той сістэме, якая сёння створана ў Адміністрацыі, і аб той рабоце, якая праводзіцца ў нас. Работа СМІ - гэта таксама пытанні, якімі займаецца, у прыватнасці, Адміністрацыя Прэзідэнта", - адзначыла Наталля Качанава.

Яна таксама пракаменціравала падрыхтоўку будучага прэзідэнцкага Паслання: "Цяпер адпрацоўваецца гэты дакумент. Нам у гэтым годзе, з аднаго боку, проста адпрацоўваць, таму што ўсе акцэнты расстаўлены Прэзідэнтам, праведзена вялікая колькасць рознага ўзроўню нарад па асноўных відах дзейнасці, прыняты дырэктывы. Цяпер гэта ўсё трэба акумуляваць, і Пасланне павінна быць такім сцвярджальным. Усе задачы зразумелыя, і на сённяшні дзень трэба займацца іх рэалізацыяй".

Што датычыцца падрыхтоўкі прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў, Наталля Качанава падкрэсліла, што ніякай надзвычайнай сітуацыі ў гэтым няма, і ў прынцыпе не трэба рабіць адрознення паміж электаральнымі гадамі і астатнімі. "Трэба працаваць так, каб гэтыя гады нічым не адрозніваліся адзін ад аднаго. Абяцанні павінны выконвацца заўсёды, электаральны гэта або звычайны год. Калі кіраўнік даў абяцанне, яно павінна быць выканана. Людзей ашукваць нельга. Гэта галоўны тэзіс, які заўсёды гаворыць Прэзідэнт нашай краіны. Трэба проста адказна працаваць, і тады ўсё праходзіць вельмі зладжана, дакладна і зразумела", - заявіла кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.-0-

Версія для друку
Навіны рубрыкі Прэзідэнт
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск

Інфаграфіка

Сотавая сувязь у Беларусі Паслугі сотавай рухомай электрасувязі ў Беларусі аказваюць тры аператары: ЗАТ "БеСТ", ТАА "МТС" і УП "Велком".