
14 сакавіка, Масква /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў Савеце Федэрацыі выступіў на тэму будаўніцтва Саюзнай дзяржавы. Ён сам абазначыў гэту тэму, падзякаваўшы за запрашэнне выступіць, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Расійскія сенатары сустрэлі кіраўніка дзяржавы авацыямі. "Дзякуй вам вялікі! - падзякаваў ён парламентарыям. - Вельмі прыемна быць у гэтай зале. Вельмі ўважліва назіраем мы ў Беларусі за работай сената Расійскай Федэрацыі. Прыемна чуць пра вашы добрыя справы. Але мне яшчэ прыемна з вамі сустракацца".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў асаблівасць цяперашняй сустрэчы: "Тут вельмі шмат людзей, якія не проста помняць нашу гісторыю, але і рабілі гэту гісторыю. Гэта мы з вамі. І адсюль, чаго тут утойваць, мы людзі дарослыя, пасівелыя. Ужо не тыя, што былі 30-40 гадоў таму. Але мы самыя вопытныя людзі. Гэта нас і адрознівае сёння на гэтай сустрэчы".
Пытанне будаўніцтва Саюзнай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка назваў вельмі важным для двухбаковых адносін.
Ён адзначыў, што выбары, якія прайшлі ў Беларусі, паказалі выбар народа, у якім напрамку арыентуецца краіна. "Галасаванне за дзеючую ўладу, за дзеючага Прэзідэнта якраз дае адказ на гэта пытанне, з кім мы і куды", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Беларусь Расія ніколі не страціць, калі адчуе душу гэтага народа - беларускага народа. Калі будзе так, то Беларусь, як сёння ў цяжкія часы, будзе разам з расіянамі, Расійскай Федэрацыяй. І не трэба тут нічога выдумляць, - запэўніў Прэзідэнт. - Па-іншаму быць не павінна. Мы самыя блізкія, гэта праверана часам і даказана рэальнымі справамі".
"У мяне ёсць магчымасць прадстаўнікам расійскіх рэгіёнаў сказаць вялікі дзякуй за тое, што ў свой час (былі ў нас не лепшыя часы, усяляк было) мы зрабілі стаўку ў Беларусі на работу з рэгіёнамі (Расіі. - Заўвага БЕЛТА). І дзякуючы вам мы захавалі наша адзінства. Калі б вы тады не падтрымалі беларускія памкненні, у нас не было б сёння такіх адносін. І цяжка сёння было б гаварыць, дзе была б наша Беларусь", - падкрэсліў беларускі лідар.-0-
