Сцяг Аўторак, 30 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
16 красавіка 2024, 14:16

Лукашэнка абазначыў праблемы з захаванасцю жывёлы і запатрабаваў прыняць меры

16 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе аб развіцці вёскі і павышэнні эфектыўнасці аграрнай галіны 16 красавіка абазначыў праблемы з захаванасцю жывёлы і запатрабаваў прыняць меры, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на працягу шэрага гадоў вядзецца размова аб неабходнасці забяспечыць большую захаванасць жывёлы і птушкі. Аднак сітуацыя застаецца складанай. Ёсць гаспадаркі, дзе парушаюцца патрабаванні тэхналагічных рэгламентаў утрымання і кармлення жывёлы. Не забяспечваецца выпойванне нованароджаных цялят малодзівам, не выконваюцца схемы вакцынацыі.

"Я даручаў прэм'ер-міністру разабрацца. Мы пытанне паставілі жорстка. Майце на ўвазе: спагнанне ў гэтым плане будзе толькі ўзмоцнена, - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. - Раман Аляксандравіч (Галоўчанка. - Заўвага БЕЛТА), разам з Камітэтам дзяржкантролю вельмі жорстка разбярыцеся і далажыце".

Прэзідэнт падкрэсліў, што ёсць моцныя гаспадаркі, гатовыя забраць цялят у нядбайных. І такая работа па перадачы маладняку пачата ўжо. Аднак часта яна носіць фармальны характар, для стварэння бачнасці выканання даручэнняў. Жывёла перадаецца ў арганізацыі, якія не могуць забяспечыць яе ўтрыманне і кармленне, або перадаецца толькі на паперы.

"Як вам такі факт? Бяруць і адгружаюць маладняк у гаспадарку, у якой зафіксаваны самы высокі падзеж у раёне, няма камбікорму, маюць месца сістэмныя парушэнні тэхналогій. "Прудоцкае" Калінкавіцкага раёна перадавала маладняк філіялу "Зеляночы" Калінкавіцкага мясакамбіната. Там жа яшчэ горш", - прывёў адзін з адмоўных прыкладаў кіраўнік дзяржавы.

У якасці адваротнага, станоўчага прыкладу Аляксандр Лукашэнка назваў работу прэзідэнцкай фермы, дзе ўтрымліваюцца ў тым ліку і каровы з цялятамі. "Нічога асаблівага, але ўтрыманне дастойнае - чыста, акуратна, суха. І не трэба ніякага "разумнага" земляробства ці жывёлагадоўлі, або ў цэлым сельскай гаспадаркі. Проста адказнасць і дысцыпліна. Чалавечае стаўленне да жывёлы", - сказаў ён.
Прадаўжаючы размову аб праблемных аспектах, Прэзідэнт звярнуў увагу на фармальны падыход да даручэння па замацаванні за кожным жывёлагадоўчым аб'ектам работнікаў мясцовай вертыкалі. Замацаваныя часам не ведаюць, дзе размешчаны гэты аб'ект. Органы мясцовай улады і кіраўнікі гаспадарак часта замест кантролю за дысцыплінай садзейнічаюць яе парушэнню. Няма строгага кантролю з боку дзяржаўнай ветэрынарнай службы. Да розных відаў адказнасці за гэта штогод прыцягваюцца больш як 10 тыс. службовых асоб, узбуджаюцца крымінальныя справы, трэць з іх звязана з утойваннем падзяжу.

Акрамя таго, неабходна павысіць эфектыўнасць узнаўлення: з цяперашніх паказчыкаў - 68 цялят на 100 кароў - падняць да 95.

"Трывалая кармавая база і паўнацэнны рацыён - асноўны складнік прыбытковай вытворчасці", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Для выканання гэтай задачы трэба выкарыстоўваць распрацаваныя вучонымі сумесна з Мінсельгасхарчам рэгламенты кармлення для ўсіх відаў жывёл. "Навукай распрацаваны каля 100 тэхналагічных рэгламентаў і рэкамендацый. Карыстайцеся імі", - рэкамендаваў кіраўнік дзяржавы.

Ад урада, Мінсельгасхарча, Акадэміі навук Беларусі, аблвыканкамаў, райвыканкамаў Прэзідэнт запатрабаваў арганізаваць строгі кантроль за праводзімай на месцах работай па выкананні рэгламентаў і нарматываў кармлення жывёлы і птушкі. Асаблівую ўвагу ўдзяліць догляду нованароджаных цялят, праводзіць сістэмную работу па забеспячэнні захаванасці жывёлы і птушкі. Нарматыўнае значэнне невытворчага выбыцця, паводле слоў Прэзідэнта, павінна быць да адной тысячнай працэнта, і ставіцца да выпадкаў такога выбыцця трэба як да надзвычайнага здарэння.
Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў забяспечыць безумоўнае выкананне тэхналагічнай і працоўнай дысцыпліны на кожным рабочым месцы, пачынаючы ад даглядчыка жывёлы да кіраўніка гаспадаркі, якасную работу ветэрынарнай і заатэхнічнай службаў.

Размова ішла таксама аб навядзенні парадку са справаздачнасцю. Бюракратыю і велізарны празмерны дакументаабарот, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, можна назваць адным з фактараў, які стрымлівае АПК у цэлым. "Канцэрны запытваюць інфармацыю сабе, Мінсельгасхарч, аблсельгасхарч, райсельгасхарч, кантралюючыя і праваахоўныя органы - сабе. Усе запытваюць інфармацыю, - крытычна заўважыў Прэзідэнт. - На адну арганізацыю прыпадае да 70 запытаў у месяц!"

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што працэс даўно можна і трэба цэнтралізавана аўтаматызаваць: "На кожным кроку гаворым пра карысць і поспех лічбавізацыі. Дык выкарыстоўвайце". Прэзідэнт запатрабаваў тут навесці парадак і з боку Мінсельгасхарча вызначыць дакладную сістэму справаздач і інфармавання.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі