Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
16 лютага 2024, 17:31

Лукашэнка абазначыў праблемы ў рабоце Белкаапсаюза і запатрабаваў мабілізавацца для іх вырашэння

16 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 16 лютага на агульным сходзе прадстаўнікоў членаў Белкаапсаюза, абазначыў праблемы ў эканамічнай дзейнасці гэтай структуры і запатрабаваў у самы кароткі тэрмін мабілізавацца для іх вырашэння, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У час сходу Аляксандр Лукашэнка падрабязна спыніўся на дзейнасці Белкаапсаюза. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на існуючыя праблемы і запатрабаваў у самы кароткі тэрмін мабілізавацца для іх вырашэння. Давайце пройдземся па гэтых пунктах.

Першае. Гандаль

Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што пры ўсіх недахопах рэзервы ў спажыўкааперацыі вялізныя. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў канцы 2023 года ў Мінску адкрыўся Першы нацыянальны гандлёвы дом. Сваю прадукцыю там прадставілі вытворцы з усіх рэгіёнаў. Гандлёвы цэнтр адразу стаў папулярны і ў мінчан, і ў гасцей сталіцы. Штодзень яго наведваюць да 20 тыс. чалавек.

"А як там прадстаўлены Белкаапсаюз? Ідзіце і паглядзіце - футрам. Развесіць футра і чакаць - самае простае. А дзе вашы аб'екты грамадскага харчавання? Вам там адкрыты дзверы. Калі не - скажыце. Усе начальнікі тут, мы паправім. Чаму няма кафэ і прадуктовага магазіна, дзе прадаюцца вашы цудоўныя выпечка, салёныя агуркі, квашаная капуста, дранікі, сала і іншыя скваркі? Ніхто лепш за вас не ўмее гэта ўсё прыгатаваць. Прадукцыя натуральная, якасная, па традыцыйных рэцэптах. Гэта ў Мінску людзі, якія ў асноўным ужо забылі гэта, купяць з задавальненнем. І турысты. А вам дадатковая рэклама. І гэта толькі адзін з прыкладаў таго, як можна аднавіць паўнацэнную прысутнасць кааператыўнага гандлю ў гарадах", - сказаў Прэзідэнт.

Прэзідэнт адзначыў, што ўніверсальных магазінаў у краіне дастаткова. Цяпер запатрабаваны гандлёвыя кропкі, якія працуюць па пэўнай асартыментнай канцэпцыі, напрыклад кандытарскія, мясныя, дробнааптовыя.

"Цяпер жа можна не толькі развіваць уласны фірменны гандаль, але і наладзіць узаемадзеянне з беларускімі вытворцамі, стаць своеасаблівым бізнес-хабам для ўсяго беларускага. Вашы пляцоўкі - іх прадукцыя. Вы павінны быць правадніком айчынных тавараў у рэгіёны, асабліва ў глыбінку. Ад гэтага выйграюць усе. Але ўважліва ацаніце перспектывы. Калі гэта апраўдана, пастаўце на маршрут аўтакраму з нармальным графікам работы. Вяскоўцы павінны атрымаць якасную замену стацыянарнаму магазіну", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Адначасова неабходна ўдасканальваць работу магазінаў на колах, яны павінны быць сучаснымі і зручнымі для пакупнікоў, звярнуў увагу Прэзідэнт. "Гэтыя магазіны на колах павінны быць такімі, каб з маршруту яны не маглі з'ехаць - адразу "засвецяцца". Вы гаворыце, нерэнтабельныя гэтыя аўтакрамы. А вы паглядзіце, куды яны ездзяць і што яны робяць, - абазначыў яшчэ адну задачу кіраўнік дзяржавы. - У нас ёсць айчынныя напрацоўкі, якія, я ўпэўнены, дазволяць дастойна абнавіць аўтапарк. Улічваючы сацыяльнае значэнне такога фармату, даручаю ўраду, губернатарам прапрацаваць пытанні фінансавага забеспячэння набыцця сучасных абсталяваных аўтамабіляў для гэтых мэт".
 
Другое. Грамадскае харчаванне
 
"Тое, што вы можаце здзівіць сваімі кулінарнымі шэдэўрамі на выстаўках, кірмашах, розных мерапрыемствах, - факт. Неабходна забяспечыць такі ж узровень сэрвісу і ў паўсядзённай вашай рабоце. Насельніцтва, асабліва моладзь, цяпер актыўна наведвае розныя кафэ, сеткі хуткага харчавання, цікавіцца, спрабуе, выбірае, параўноўвае. Чым можаце іх зацікавіць вы? У вас шмат чым можна зацікавіць. А як усё гэта на самай справе? Вядома, любоў да прывычных страў мінулых гадоў у людзей будзе заўсёды. Але маладое пакаленне больш патрабавальнае. Трэба перапрафіляваць дзеючыя, адкрываць канцэптуальна новыя кропкі", - перакананы Аляксандр Лукашэнка.

Ён лічыць, што спажыўкааперацыі трэба развіваць свае ўласныя брэнды.

"Зрабіце акцэнт на дастаўцы, абедзенных меню, абслугоўванні выязных мерапрыемстваў. Развівайце прыдарожны сэрвіс, з ім неяк зусім заціхлі. Акцэнтую: работа галіны грамадскага харчавання сёння з'яўляецца рэзервам для павелічэння рознічнага тавараабароту. І ў бягучым годзе Белкаапсаюз павінен яе максімальна актывізаваць. Распрацуйце адзіную маркетынгавую канцэпцыю, каб чалавек, які ўбачыў вашу шыльду, дакладна ведаў: будзе па-дамашняму натуральна і смачна", - даручыў Прэзідэнт.

Трэцяе. Нарыхтоўчая дзейнасць
 
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што нарыхтоўчая дзейнасць - гэта традыцыйная функцыя спажыўкааперацыі. Работа па закупцы лішкаў сельскагаспадарчай прадукцыі, вырашчанай у асабістых дапаможных і фермерскіх гаспадарках, ідзе круглы год. У сезон дабаўляюцца дары лесу.

"Мяркуючы па статыстыцы, вамі з зайздросным пастаянствам забяспечваецца штогадовы прырост нарыхтоўчага абароту. Але трэба прызнаць, што тэмпы росту відавочна недастатковыя, яны проста чарапашыя. Неабходна пашыраць сетку прыёмных пунктаў, таму што ініцыятыву перахопліваюць іншыя, у тым ліку прыватнікі. Але там, дзе гэта выгадна. А вы страчваеце, - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. - Вы па-ранейшаму гаворыце, што нарыхтоўчая дзейнасць - не бізнес-праект, а сацыяльны напрамак. Прыватніку чамусьці выгадна, кааператарам - не. Такога не бывае. Калі прыбыткова прыватніку, то вам - удвая. Гэта ж сыравіна для вашых жа прадпрыемстваў".
 
Прэзідэнт падкрэсліў, што задачу выйсці на 90 працэнтаў перапрацоўкі ва ўласнай сістэме закупак да 2025 года з Белкаапсаюза ніхто не здымаў.
 
Чацвёртае. Кааператыўная прамысловасць
 
"Перапрацоўка - гэта не толькі рэзерв нарошчвання аб'ёмаў дзейнасці, але і нараўне з грамадскім харчаваннем дадатковы механізм кампенсацыі нізкаэфектыўнага гандлю ў вёсцы. У вас дастаткова канкурэнтных пераваг", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
 
Паводле яго слоў, вытворчасць прадуктаў харчавання для спажыўкааперацыі мае некалькі стратэгічных пасылаў: "Гэта натуральнасць, пашырэнне асартыменту і рост прадукцыйнасці. Хлеб, кандытарскія вырабы, мяса, каўбаса, традыцыйныя саленні, замарожаныя грыбы - шмат з таго, што вы робіце, заўсёды карыстаецца попытам. Пашырайце свой асартымент".

Два гады таму кіраўнік дзяржавы ўжо звяртаў увагу спажыўкааперацыі на тое, што айчынны рынак толькі напалавіну запоўнены беларускімі плодаагародніннымі кансервамі, а сокамі і марынаванай агароднінай - крыху больш як на 60 працэнтаў.
 
"Я прапаноўваў Белкаапсаюзу паднапружыцца і заняць гэтыя нішы. Дагаворвайцеся, высаджвайце сады, калі іх мала. Цяпліцы будуйце, забірайце адтуль тавар, вырабляйце гатовую прадукцыю - ад гарошку да агуркоў і таматаў. Сёння мы бачым па даных статыстыкі: доля айчыннай прадукцыі ў рознічным продажы за мінулы год падрасла толькі па соках і плодаагароднінных кансервах, ды і тое менш чым на 10 працэнтаў. Але гэта ж зусім мала, недастаткова. Зразумейце нарэшце: чым больш будзе на нашым рынку беларускага, натуральнага і якаснага, тым лепш будзе для ўсіх. Ды і свае вытворчыя магутнасці загрузіце. Пакуль, мяркуючы па прадстаўленых дакументах, яны задзейнічаны далёка не поўнасцю", - адзначыў Прэзідэнт.
 
"Значыць, трэба больш актыўна рэкламаваць сябе, свае магчымасці, знаходзіць тых, хто гатовы размяшчаць на вашых заводах свае заказы. Яшчэ раз паўтаруся: на выстаўках вока радуецца, а на магазіны скаргі паступаюць. Так не пойдзе", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Пятае. Зверагадоўчая галіна
 
Гаворачы аб развіцці зверагадоўлі, Прэзідэнт арыентаваў прадпрыемствы Белкаапсаюза на павелічэнне перапрацоўкі і продажу гатовых вырабаў, а не сыравіны.
 
Цяпер гаспадаркі гэтай галіны вырабляюць амаль 90 працэнтаў рэспубліканскіх аб'ёмаў клетачнай пушніны. "Перспектыўны напрамак, хоць і складаны, неабаронены ад знешніх рызык", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
 
Але для далейшага развіцця трэба перш за ўсё сумленна адказаць на пытанні аб якасці айчыннага футра і наяўнасці наладжанай сістэмы яго апрацоўкі, шыцця гатовых вырабаў. Паколькі цяпер большая частка вырабленых шкур прадаецца як сыравіна.

Пра зарплату і работу з кадрамі

За 2023 год экспарт пушніна-футравай сыравіны склаў амаль 520,5 тыс. штук (98,8 працэнта да ўзроўню 2022 года) на $13 млн, дубленых і вырабленых футравых шкур - 121 тыс. штук (47 працэнтаў) на $2 млн.
 
"Далей лічбы проста дзіўныя. За 2022 год экспарт склаў ажно 23 адзінкі футравага адзення, а за 2023 год - ніводнага, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Пры гэтым у 2022 годзе з-за мяжы Беларусь завезла футравых вырабаў на $2,3 млн, а ў 2023-м больш як на $2 млн. Як гэта так?"
 
"Хіба так цяжка пашыць футра, шапкі і што там яшчэ трэба ў халоднае надвор'е? Можа, і цяжка, але мы ўмеем гэта рабіць", - заўважыў Прэзідэнт.

Шостае. Знешнеэканамічная дзейнасць
 
Работу Белкаапсаюза па развіцці экспарту кіраўнік дзяржавы ацаніў коратка: "Недапрацоўваеце".
 
За мінулы год Беларусь зарабіла на знешніх рынках амаль $50 млрд. Аднак уклад арганізацый спажыўкааперацыі ў агульнарэспубліканскі аб'ём экспарту - на ўзроўні арыфметычнай хібнасці, сотыя долі працэнта.
 
У 2022 годзе арганізацыі Белкаапсаюза экспартавалі тавараў крыху больш, чым на $41 млн. Гэта на 13 працэнтаў менш, чым у 2020 годзе.

"У 2023 годзе, на жаль, негатыўныя тэндэнцыі ўзмацніліся", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. За гэты перыяд экспарт тавараў склаў $33 млн, скараціўшыся амаль на 20 працэнтаў у параўнанні з 2022-м.

Пры гэтым таварнай дыверсіфікацыі не адбываецца, канстатаваў Прэзідэнт. Аснову, як і раней, складаюць два тавары нізкай ступені перапрацоўкі: ялавічына (41,5 працэнта вартаснага аб'ёму экспарту) і пушніна-футравая сыравіна (40 працэнтаў). Пастаўкі ідуць пераважна ў Расію.

"Так, Расія - наш асноўны гандлёвы партнёр. Але нарошчванне эканамічнага супрацоўніцтва з іншымі краінамі (Кітаем, дзяржавамі далёкай дугі) не менш важна, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Нельга яйкі класці ў адзін кошык. Задача наконт росту аб'ёмаў экспарту і павелічэння валютных паступленняў стаіць перад усімі. І вы не выключэнне".

Сёмае. Кадры
 
Для далейшага развіцця і эфектыўнай работы Белкаапсаюза, падкрэсліў Прэзідэнт, важна падбіраць і ўтрымлівааць кадры, што непарыўна звязана з забеспячэннем дастойнага ўзроўню заработнай платы.
 
"Патрэбна абнаўленне, прыток моладзі. А чым яе зацікавіць? Каб утрымаць у сваіх радах дастойных спецыялістаў і прыцягнуць новых, патрэбна дастойная аплата працы. І яе можна знайсці, калі вы сістэматызуецеся, калі вы пакінеце на рабочых месцах тых, хто сёння можа (працаваць . - Заўвага БЕЛТА) і працуе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што моладзь трэба прывучаць да працы, а не падносіць ім адразу ўсё гатовае - жыллё, высокую зарплату і гэтак далей. "І дысцыпліна. Кадравая палітыка - гэта дысцыпліна", - дадаў ён.

Вяртаючыся да тэмы заработнай платы, Прэзідэнт заўважыў, што нягледзячы на адсутнасць у Белкаапсаюзе пратэрмінаванай запазычанасці па выплаце зарплаты, яе ўзровень застаецца адным з самых нізкіх у краіне. За 2023 год сярэднямесячная зарплата склала крыху больш за Br1 тыс., што ніжэй за агульнарэспубліканскі паказчык амаль удвая.

"Кіраўнікі раённага звяна павінны выйсці з кабінета, паехаць па сваіх магазінах і цэхах, нарэшце, зразумець, чаму па вашай арганізацыі мінімальныя зарплаты. На паперы ўсё проста – няма нагрузкі. А што вы зрабілі, каб нагрузка была? Каб быў шырокі асартымент тавараў? Гэта датычыцца радавых супрацоўнікаў", - заўважыў кіраўнік дзяржавы.
 
"Кіраўніка любога ўзроўню правяраць адразу ў баявых умовах: узялі на пасаду, нарэзалі задачы. Не выканана - значыць, не справіўся, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Да трох лічыць ніхто не будзе". Асабліва гэта актуальна ў цяперашняй няпростай сітуацыі і напярэдадні электаральных кампаній. "Краіну не павінны страціць", - падкрэсліў Прэзідэнт.
 
Восьмае. Фінансавы стан
 
Фінансавы стан Белкаапсаюза, паводле слоў Прэзідэнта, выклікае асаблівую заклапочанасць: "Стратнасць работы, высокая даўгавая нагрузка прывялі да адсутнасці ўласных абаротных сродкаў у арганізацыях спажыўкааперацыі. Прычым сітуацыя з кожным годам толькі пагаршаецца".
 
"Ведаеце, хачу папярэдзіць, каб у вашай далейшай рабоце не было ніякага ашуканства, інакш крыўдуйце самі на сябе", - папярэдзіў кіраўнік дзяржавы і растлумачыў на канкрэтным прыкладзе.
 
Па выніках 2023 года чысты прыбытак Белкаапсаюза па бухгалтарскіх дакументах склаў Br800 тыс. "Нядрэнна? Можа быць, для Белкаапсаюза. Але толькі на першы погляд. Калі ўважліва вывучыць дакументы, становіцца зразумела: уся справа ў тым, што для такога прыемнага бухгалтарскага балансу вы сабе ў плюс запісалі атрыманне прадпрыемствам "Белкаапфутра" датацый з бюджэту на набыццё пушных звяроў і перадачу вашых накопленых даўгоў Агенцтву па кіраванні актывамі, - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. - А па факце, за студзень-лістапад 2023 года атрымана чыстая страта ў памеры Br6,6 млн, што амаль у 2 разы больш, чым за аналагічны перыяд 2022 года. Вось ваша эканоміка".

Пры гэтым, паводле даных Прэзідэнта, завінавачанасць па крэдытах і пазыках за 2023 год павялічылася больш як на 3 працэнты і склала на пачатак студзеня 2024 года амаль Br417 млн. Пратэрмінаваныя даўгі перад банкамі выраслі больш як у 2 разы і склалі амаль Br43 млн.
 
"Крэдыты трэба вяртаць. Таму крытэрый ацэнкі вашай работы адзін - рост прыбытку, з нашай або без нашай дапамогі, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - А пакуль, калі меркаваць па сапраўдных, а не намаляваных выніках, належных высноў з нашай мінулай размовы зроблена не было. І ніякага фінансавага запасу трываласці ў вас па-ранейшаму няма. І гэта толькі самыя асноўныя задачы".

Што ў выніку

Прэзідэнт даручыў кіраўніцтву Белкаапсаюза разам з урадам, губернатарамі, мэрам Мінска мабілізавацца ў самы кароткі тэрмін і навесці жалезны парадак у кожным напрамку дзейнасці.

"Усе праблемы знаходзяцца ў плоскасці эфектыўнасці кіраўніцкіх працэсаў. Рэзерваў дастаткова - ад кіравання ўласнасцю, рацыянальнага выкарыстання матэрыяльна-тэхнічнай базы да аўтаматызацыі, глыбокага аналізу і ўнутрыведамаснага кантролю. Няма і быць не можа другарадных пытанняў, калі працуеце са стратамі", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. Каб наладзіць больш эфектыўную работу, у тым ліку ў аддаленых малых населеных пунктах, Прэзідэнт даручыў да гэтага віду дзейнасці прыцягнуць буйныя гандлёвыя сеткі. "Мабілізуйце іх у вёску, каб яны дапамаглі Белкаапсаюзу, - сказаў ён. - Няхай ідуць у глыбінку. І не самі, а ім (арганізацыям Белкаапсаюза. - Заўвага БЕЛТА) дапамогуць".
 
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ёсць зацверджаная праграма развіцця спажывецкай кааперацыі, якую, дарэчы, трэба дапрацаваць пасля цяперашняга сходу. "Усе кадры проста павінны мабілізавацца для дасягнення пастаўленых праграмай мэт", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Акрамя таго, Прэзідэнт нагадаў аб выданні ў лютым указа нумар 42, накіраванага на развіццё вёскі і стварэнне максімальна камфортных умоў для людзей, якія там жывуць. Пры падрыхтоўцы дакумента ўлічвалася асноўнае: інфраструктура гандлю, грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання.
 
Для індывідуальных прадпрымальнікаў і суб'ектаў гаспадарання, якія займаюцца гэтымі напрамкамі, у тым ліку і для арганізацый Белкаапсаюза, згодна з указам, да канца 2028 года будуць дзейнічаць спецыяльныя паніжаныя тарыфы на электраэнергію і значныя падатковыя льготы, аж да вызвалення ад некаторых відаў падаткаў.
 
Правам вызначаць пералікі населеных пунктаў, дзе будуць прадастаўляцца прэферэнцыі, надзелены абласныя Саветы дэпутатаў. "Як бачыце, гэта важкая дзяржаўная падтрымка", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

"Белкаапсаюз мае магутны патэнцыял і ўсе рэсурсы - матэрыяльна-тэхнічную базу, людзей і тэхналогіі", - заявіў кіраўнік дзяржавы. Для новага старшыні праўлення Белкаапсаюза, выбранага сёння, Прэзідэнт абазначыў першачарговую задачу - навесці парадак з улікам выпрацаваных на гэтай сустрэчы рашэнняў. Кантроль за КДК, урадам і губернатарамі.
 
"Упэўнены, што з гэтага дня да дэвізу новай работы кааператараў, акрамя пасылу аб дабрабыце чалавека, павінна дабавіцца простая фраза: "якасць важней за ўсё". Гэта тое, за што нашы добрыя простыя вяскоўцы заўсёды дзякуюць і гандлю, і ахове здароўя, і адукацыі, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Тое, што я сказаў, - лічыце маім наказам".-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі