Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
25 студзеня 2022, 17:31

Лукашэнка абазначыў галоўныя ўмовы для атрымання высокіх вучоных званняў: "Іх трэба заслужыць"

25 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на пасяджэнні-нарадзе з Нацыянальнай акадэміяй навук абазначыў галоўныя ўмовы для атрымання высокіх навуковых званняў і дзяржаўных узнагарод, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Старшыня Прэзідыума НАН Уладзімір Гусакоў у час выступлення на мерапрыемстве звярнуў увагу, што новыя акадэмікі і члены-карэспандэнты НАН, якія атрымалі сёння ад Прэзідэнта свае дыпломы, былі ўдастоены гэтых званняў па выніках строгага адбору. "Па ўсеагульным прызнанні перамаглі мацнейшыя - вучоныя, якія маюць у сваёй сферы выдатныя вынікі. Выбары прайшлі ў вельмі строгай адпаведнасці з нормамі заканадаўства і статутнымі дакументамі Акадэміі навук", - заявіў кіраўнік НАН.

"Я ведаю, што не ўсе адназначна ўспрынялі выбары акадэмікаў, членаў-карэспандэнтаў. Ёсць і пакрыўджаныя, і іншыя. Але мы з вамі ўжо людзі дарослыя, і я разумею, што ў гэтым працэсе заўсёды будзе нехта задаволены, нехта незадаволены, гэта жыццё. Але вы павінны ведаць маё галоўнае патрабаванне: усё павінна быць сумленна і справядліва. Заслугоўвае чалавек - ён павінен быць акадэмікам, членам-карэспандэнтам, доктарам навук, прафесарам. Нельга абясцэньваць, дэвальваваць гэтыя паняцці. Генерал, прафесар, акадэмік - гэта стала народным брэндам", - зрабіў акцэнт Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што ў Беларусі не так проста атрымаць званне, напрыклад, генерала або дзяржаўную ўзнагароду, іх трэба заслужыць. "Маё патрабаванне: акадэмік павінен быць чалавекам надзейным у тым сэнсе, што ён павінен быць адданым дзяржаве, - сказаў Прэзідэнт. - Калі ты акадэмік - працуй на краіну. У адваротным выпадку - які ж ты акадэмік?"

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што з першых гадоў свайго прэзідэнцтва замкнуў Акадэмію навук на сябе, узяў пад асабісты кантроль працэсы, якія там адбываюцца: "Каб засцерагчы вас ад рознага непатрэбнага ўплыву і ўздзеяння збоку".

У сваю чаргу Уладзімір Гусакоў звярнуў увагу на вялікі прагрэс Акадэміі навук з часоў пачатку 90-х гадоў ХХ стагоддзя, калі стан спраў у НАН быў сумным: "Масавае сыходжанне вучоных, асабліва моладзі, адсутнасць фінансавання, хуткае старэнне і разарэнне матэрыяльнай базы, адсутнасць перспектыў. Многія заставаліся працаваць толькі на энтузіязме, без зарплаты. Акадэміі навук прадракалі гібель, ліквідацыю, раздачу інстытутаў па ВНУ, продаж маёмасці. І толькі выбранне Прэзідэнта палажыла канец татальнаму разарэнню навукі". Кіраўнік маладой суверэннай дзяржавы наведаў Акадэмію навук, сустрэўся з вучонымі, пасля чаго праблемы сталі паступова вырашацца. "З'явіліся надзеі і ўпэўненасць, вучоныя адчулі клопат і перспектывы", - звярнуў увагу Уладзімір Гусакоў.

"Вядома, што і Прэзідэнту таксама падкідваліся розныя "ідэйкі", тыпу рыначнага рэфармавання, ператварэння Акадэміі навук у клуб вучоных, пазбаўленне яе статусу і магчымасці праводзіць фундаментальныя і прыкладныя даследаванні. Але ў кіраўніка дзяржавы хапіла мужнасці і мудрасці адхіліць усе гэтыя дэструктыўныя ідэі і зрабіць стаўку на фарміраванне сваёй моцнай шматгаліновай і развітой нацыянальнай навукі", - падкрэсліў ён.

Гаворачы аб стане навукі на бягучым этапе, кіраўнік НАН звярнуў увагу, што Акадэмія навук забяспечвае выкананне асноўных мэтавых паказчыкаў, уключаючы аб'ёмы вытворчасці, продажаў і экспарту. У галінах эканомікі і сацыяльнай сферы штогод укараняецца ў сярэднім 280-300 акадэмічных распрацовак. Акрамя таго, за апошні час узбуйнены заданні навуковых праграм, ліквідавана драбнатэмнасць, аптымізавана навуковая тэматыка і склады навуковых калектываў, праведзена сістэмная аптымізацыя ўсёй структуры акадэміі.

"Галоўнае - удалося адаптаваць да патрэбнасцей эканомікі фундаментальную і прыкладную навуку, сканцэнтраваць фінансавыя сродкі і навуковы, вытворчы патэнцыял на вырашэнне найбольш важных народна-гаспадарчых задач. І цяпер мы не бачым розніцы паміж фундаментальнай і прыкладной - уся навука нацэлена на эканоміку краіны", - канстатаваў ён.

Што датычыцца перспектыў, то Уладзімір Гусакоў лічыць неабходным актыўней задзейнічаць існуючы патэнцыял моцных навуковых школ для вырашэння задач у эканоміцы, паскорыць дынаміку праходжання даследаванняў ад ідэі да ўкаранення, удасканаліць сістэму закупак для патрэб навукі.

Выслухаўшы выступленне Уладзіміра Гусакова, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што значную ролю ў станаўленні Акадэміі навук Беларусі адыграў Мікалай Барысевіч, які кіраваў ёй у БССР: "Мне ўдалося ў той час у Акадэміі навук знайсці чалавека, які, скажам груба, стаў членам маёй каманды і мяне падтрымаў на выбарах".

Кіраўнік дзяржавы ўспомніў таксама пра спробы нацыяналістаў зрабіць НАН клубам вучоных. "Вы ведаеце, я не рэтраград. Можа, гэта і было б эфектыўна, але ці трэба нам тады было гэтым займацца? Я разумеў, што, калі мы пачнём усё гэта дзяліць, расфарміроўваць і раздаваць па ВНУ і прадпрыемствах, мы хутка страцім наогул усё. Не да гэтага было. Таму мной было прынята рашэнне: падпарадкаваць Акадэмію навук непасрэдна Прэзідэнту і абараніць вучоных. А далей... Выплывем - добра, не - вашы праблемы".

"Але вы малайцы, - прадоўжыў беларускі лідар. - Вы выратавалі Акадэмію навук. Калі звярталіся, я вас падтрымліваў і нікому не дазваляў умешвацца ў вашы працэсы. Гэта ўнікальны выпадак, нашы ўзаемаадносіны - Прэзідэнта і Акадэміі навук".

Многія ў тыя часы, паводле слоў Прэзідэнта, перажывалі, што ў НАН не будзе незалежнасці. "Але мая была мэта - забяспечыць вам гэту самую незалежнасць, каб ніхто не мог прыйсці, нагой тупнуць, сказаць: вось гэты будзе акадэмікам, гэты - членам-карэспандэнтам, - адзначыў ён. - У нас гэтага быць не павінна. Я вельмі спадзяюся, што гэтага няма".

Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы нагадаў аб прынятым у свой час рашэнні стварыць навукова-практычныя цэнтры - каб НАН не была адарвана ад практыкі і жыцця. У якасці прыкладу былі прыведзены сельскагаспадарчыя прадпрыемствы Акадэміі навукі, якія цяпер вельмі паспяхова развіваюцца, дзякуючы сучасным распрацоўкам вучоных, якія адразу ўкараняюцца ў практыку.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі