ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Аўторак, 5 снежня 2023
Мінск -7°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
22 верасня 2023, 13:04

Лукашэнка аб тым, як навесці парадак на фермах: кожную замацаваць за канкрэтным работнікам выканкама па прозвішчах

Фота з архіва
Фота з архіва

22 верасня, Салігорск /Кар. БЕЛТА/. Каб забяспечыць парадак і рэзультатыўнасць работы, трэба кожную ферму замацаваць за канкрэтным работнікам райвыканкама, а раён - за работнікам аблвыканкама. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на пленарным пасяджэнні рэспубліканскага семінара-нарады аб развіцці жывёлагадоўлі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Гаворачы пра сітуацыю ў сферы мясной жывёлагадоўлі, кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што за мінулыя 10 гадоў пік поспеху прыпаў на 2020 год, калі было атрымана амаль 1,76 млн т мяса і птушкі.

"Але ў далейшым чамусьці не змаглі ўтрымаць дасягнутую планку, - заўважыў ён. - У 2022 годзе вытворчасць буйной рагатай жывёлы знізілася ў Гомельскай, Віцебскай і Магілёўскай абласцях".

Практычна ў кожнай пятай арганізацыі рэспублікі сярэднясутачнае прыбаўленне ў вазе склала менш як 400 г, а ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях з такім нізкім рэзультатам працавала амаль кожная другая арганізацыя, прадоўжыў Прэзідэнт.

"Зразумела, павысіць тэмпы вытворчасці малака і мяса без павелічэння пагалоўя немагчыма. Разам з тым з году ў год пагалоўе буйной рагатай жывёлы зніжаецца: за пяць гадоў - больш як на 100 тыс. галоў, у тым ліку ў 2022 годзе - на 22 тыс. Асноўная прычына - падзеж (2021 год - 102,8 тыс. галоў, 2022 год - 111 тыс. галоў), - прывёў даныя Аляксандр Лукашэнка. - У мінулым годзе рост гэтага паказчыка - у 69 раёнах усіх абласцей рэспублікі. Прычым самыя высокія паказчыкі былі ў Старадарожскім (у 3 разы) і Салігорскім (у 2,2 раза) раёнах Мінскай вобласці, Шумілінскім раёне Віцебскай вобласці (у 2 разы)".

У гэтым годзе, паводле даных кіраўніка дзяржавы, рост падзяжу дапушчаны ў 53 раёнах рэспублікі, а ў 14 раёнах ён перавысіў мінулагодні ўзровень у 1,5 раза. Напрыклад, у Чашніцкім раёне Віцебскай вобласці падзеж вырас амаль у 3 разы, у Краснапольскім раёне Магілёўшчыны - у 4.

"Па заключэнні ўсіх кантралюючых органаў, прычыны банальныя: парушэнні тэхналогій утрымання, безгаспадарчасць і адкрытае разгільдзяйства", - абазначыў праблемы Аляксандр Лукашэнка і прывёў шэраг прыкладаў. У асобных сельгасарганізацыях жывёлу ўтрымліваюць у антысанітарных умовах, адсутнічае падсцілачны матэрыял, нясвоечасова прыбіраецца гной, не выконваюцца рацыёны кармлення і тэмпературны рэжым.

Прэзідэнт нагадаў, што ў мінулым годзе даручыў ураду сумесна з губернатарамі распрацаваць план па кожным раёне, распісаць, як і ў якія тэрміны ў іх будзе наведзены парадак.

"Але складваецца ўражанне, што меры прыняты толькі на паперы. А мясцовая ўлада і дзяржаўная ветэрынарная служба замест таго, каб кантраляваць, дапамагаюць утойваць сапраўдны стан спраў і недапушчальную безгаспадарчасць за фармальнымі планамі і адносна здавальняючымі лічбамі!" - заявіў беларускі лідар.

Паводле даных МУС, у 2022 годзе ўзбуджана 480 крымінальных спраў, звязаных з утойваннем падзяжу. У гэтым годзе - ужо 205. Гэта трэць ад агульнай колькасці эканамічных злачынстваў у аграрнай сферы.

"Думаю, разумна ў далейшым кожную ферму замацаваць за канкрэтным работнікам райвыканкама, а раён - за работнікам аблвыканкама. Па прозвішчах. Каб у далейшым адразу было зразумела, каго ўзнагароджваць, калі справы ідуць добра, і з каго патрабаваць, калі дрэнна", - прапанаваў кіраўнік дзяржавы.

"Ёсць праблемы і ў свінагадоўлі, якія мы з вамі дэталёва разгледзелі нядаўна на нарадзе. Пастаўлены канкрэтныя задачы. Выконвайце. Запатрабаванне будзе сур'ёзнае", - арыентаваў Аляксандр Лукашэнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі