Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
17 чэрвеня 2022, 15:46

Лукашэнка аб сітуацыі ва Украіне: ніхто не ведае, чым там закончыцца, гэта толькі пачатак

17 чэрвеня, Бабруйск /Кар. БЕЛТА/. Ніхто не ведае, чым закончацца падзеі ва Украіне, але гэта адзін з элементаў вялікага перадзелу свету. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у час сустрэчы з работнікамі ААТ "Белшына" ў Бабруйску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Што датычыцца прагнозу, ніхто не ведае. Падкрэсліваю, ніхто не ведае, чым там закончыцца, як будзе сітуацыя развівацца. Так, вы можаце ў мяне спытаць: "Ну як, ты ж з Пуціным там размаўляеш кожны дзень..." У бліжэйшы час сустрэнемся, пагаворым па эканоміцы, бяспецы, - сказаў Прэзідэнт. - Усё толькі пачынаецца. Тое, што адбываецца ва Украіне, - гэта пачатак. Адзін з элементаў вялікага перадзелу свету. Таму як будуць развівацца падзеі... Цяжкі выпадак. Будуць ламаць, крышыць. І, ведаеце, трашчаць будуць перш за ўсё невялікія і сярэднія дзяржавы. Такія, як мы, Чэхія, Аўстрыя, Швейцарыя. Яны нікуды не дзенуцца. Іх таксама будуць крышыць. Свет будзе іншы".

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Расія прыхільная да перагаворнага працэсу. "Гэта я дакладна ведаю", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Чаму ўкраінцы адмовіліся размаўляць з расіянамі? У нас пачаўся гэты дыялог, я быў у яго ўключаны, за каўнер іх сюды, можна сказаць, прыцягнуў. Яны сышлі. Чаму? Амерыканцы сказалі: не, перагаворам не бываць. І там кіруюць англічане, амерыканцы праз палякаў у многім. Тыя ўсюды хочуць пастарацца і быць каля нагі гаспадара, і нешта ад гэтага атрымаць", - звярнуў увагу беларускі лідар.

Ён падкрэсліў, што ў Польшчы ўжо мараць аб Заходняй Украіне: "Тут нам давядзецца рэагаваць. Таму што мы не можам дапусціць, каб нас наогул палякі акружылі. Гэта небяспечны варыянт. І я калісьці сказаў: яшчэ ўкраінцы нас папросяць з расіянамі, каб мы ім дапамаглі захаваць цэласнасць. Каб не адсеклі".

Паводле слоў Прэзідэнта, гэта стала магчымым дзякуючы таму, што за спінай Польшчы стаяць амерыканцы, якія фінансуюць, даюць узбраенне, перакідваюць узброеныя сілы. "Мы гэта бачым. Таму мне даводзіцца і на Захадзе трымаць узброеныя сілы напагатове, і на поўдні. Дзесяць падраздзяленняў выстраіў уздоўж граніцы за спінай у пагранічнікаў, каб не ўлезлі ў Беларусь. А такія думкі былі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт упэўнены, што Захад імкнецца ўцягнуць Беларусь у гэты канфлікт. "Ніколі Пуцін мяне не прасіў: давай, зайдзі, там некага "замачы" ва Украіне і іншае. А вось яны (Захад. - Заўвага БЕЛТА) нас штурхаюць у гэты канфлікт, каб разабрацца і з Расіяй, і з Беларуссю і выбудаваць фронт - лінію ад Піцера да Растова. Каб не было гэтага беларускага балкона, як называюць яго. У 2020 годзе не атрымалася. Прадаўжаюць гэта рабіць іншымі метадамі", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусі трэба не ўцягнуцца ў гэты канфлікт і не стварыць "вайнушку". "Нам трэба абараніць гэты кавалак зямлі (Беларусь. - Заўвага БЕЛТА). Пакуль, дзякуй богу, удаецца. Для мяне галоўнае, каб не ўлезці туды па вушы, у гэты ўкраінскі канфлікт, а зрабіць так, каб ён хутчэй закончыўся", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што напярэдадні ў Кіеў прыязджалі вядучыя еўрапейскія лідары. "Шольц, Макрон, італьянскі прэм'ер-міністр. Чаго прыехалі? Пакуль яшчэ незразумела. Але Еўропе вайна таксама не патрэбна. Але, вы заўважылі, там не было паляка. Яны ж круцяцца ўсюды. Там не было англічаніна. Там не было амерыканца. Што гэта такое - пытанне. Або Еўропа сама вырашыла тут супакоіць сітуацыю і патушыць гэты пажар вайны, або ж амерыканцы далі каманду: вы там едзьце, падтрымайце ўкраінцаў, Зяленскага і дайце зброю. Хутчэй за ўсё, другое. Таму што сёння прэзідэнт Францыі ўжо заявіў, што будуць пастаўляць самую сучасную зброю Украіне. Гэта значыць, там ідзе нейкая заварушка. У бліжэйшы час з Прэзідэнтам Расіі абмяркуем, што там адбываецца. Таму ніхто не можа сказаць, як там будуць развівацца падзеі. Вельмі шмат невядомага".

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што ўвесь Захад увязаўся ў вайну, але Расія ваюе звычайнымі ўзбраеннямі. Але ў Расіі дастаткова і іншай зброі. "Украінцы, Зяленскі просяць зброю дальнабойную для таго, каб ударыць па гарадах Расіі. Курск, Растоў, Арол, Белгарад. Суседнія гарады. Але, я неяк публічна сказаў, ні ў якім выпадку гэтага рабіць нельга. Таму што Расія прыменіць ужо новага ўзроўню зброю. І прыменіць па Кіеве, па тых, хто прымае гэтыя рашэнні. Таму яны яшчэ крыху баяцца. Але не ад іх залежыць. Залежыць усё ад таго, наколькі амерыканцы будуць іх падштурхоўваць да гэтай вайны, - сказаў Прэзідэнт. - Учора Байдэн заявіў, што будуць пералічваць кожны месяц Украіне па паўтара мільярда долараў. Для чаго? Для вайны. Таму гэта толькі пачатак. Вялікая наперадзе ў іх работа - уладных людзей - перадзяліць свет. Амерыканцы адчуваюць, што прайграюць. А прайграваць не хочуць, таму што гэта іх багацце. Хочацца быць зверху і кіраваць усім светам".

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка заклікаў да адзінства: "Будзе няпроста. І нам патрэбны гэты маналіт, адзінства. Нам трэба зрабіць усё, каб захаваць свой кавалак зямлі. Наша эканоміка запатрабавана на сусветным рынку. Таму што мы людзей кормім, апранаем, вырабляем "боты" для аўтамабіляў і гэтак далей. Усё, што патрэбна для звычайнага жыцця".

Кіраўнік дзяржавы таксама запэўніў, што Беларусь не збіраецца ваяваць ва Украіне. "Учора мне задавалі гэта пытанне: а як, што і іншае, вы зойдзеце ва Украіну - ваша армія? Я кажу: мы не збіраемся нікуды заходзіць, пакуль вы не перайшлі чырвоную лінію. Як толькі вы пяройдзеце нашу граніцу або будзеце нацэльваць на Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод (у іх такая шалёная думка была), мы імгненна адкажам. Таму вы нас не чапайце, мы да вас не збіраемся ісці. Будзеце хапаць нашых вадзіцеляў, як гэтых 75 чалавек, значыць, будзем праводзіць аперацыю. Шматслойную. Не атрымаецца гэтых людзей забраць мірам, значыць, правядзём ваенную аперацыю. Але сваіх людзей не кінем. А як вы думалі? 75 чалавек - гэта таксама нечыя дзеці, у іх ёсць дзеці, унукі. Таму давялося рызыкаваць. Дзякуй богу, што ўсе жывыя, здаровыя", - заявіў беларускі лідар.

Ён таксама падкрэсліў важнасць ваеннай падрыхтоўкі, умацавання беларускай арміі: "Вучыць будзем, асабліва мужыкоў. Час такі. Чым больш мы будзем мець, чым мацнейшая ў нас будзе зброя, тым нам спакайней будзе. Яны будуць разумець: калі яны ўдараць па Мазыры, то мы ўдарым па Кіеве, не заходзячы ва Украіну. Яны гэта павінны разумець. Але для таго, каб ударыць, трэба мець, чым ударыць. У нас гэта ёсць".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі